Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раскасма́ціць, ‑мачу, ‑маціш, ‑маціць; зак., каго-што.

Зрабіць касматым; раскалмаціць. Раскасмаціць валасы.

раскасма́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да раскасмаціцца.

2. Зал. да раскасмачваць.

раскасма́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да раскасмаціць.

раска́т, ‑у, М ‑каце, м.

Доўгі, перарывіста гул, грукатанне (грому, кананады і пад.). Дзесьці далёка за лесам бліскалі зарніцы, і адтуль чутны былі глухія раскаты грому. Сачанка. Пушчаны з гары снежны ком набывае ўсе большую і большую імклівасць, .. ён ператвараецца ў грозную лавіну, якая змятае ўсё на сваім шляху, абуджаючы грамавымі раскатамі даліны і горы. Лынькоў. Начную цішыню, як раскат грому, раскалоў стрэл. Чарнышэвіч. // Перарывістыя моцныя гукі (чалавечага голасу, музыкі і пад.). — Мат! Гага-га... — ускалыхнуў кабінетную цішу магутны раскат шчаслівага смеху. Быкаў. Раскатамі грымеў, сатрасаючы паветра, нізкі, хрыплы бас старога аленя, зліваючыся ў адзіны хор з высокімі і звонкімі галасамі маладзейшых. В. Вольскі.

раската́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Пачаўшы катацца, захапіцца катаннем. Раскаталіся дзеці на веласіпедах.

раската́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.; каго-што.

Катаючы, надаць вялікую хуткасць каму‑, чаму‑н. Раскатаў санкі і пусціў з гары.

раска́твацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Шмат, доўга катацца; раз’язджаць. [Зёлкін:] Ты гэта дзе была ўчора з Гарлахвацкім? [Зіна:] Ты ж ведаеш, дзе. [Зёлкін:] Я то ведаю... На машыне раскатвалася... Крапіва.

раска́твацца 2, ‑аецца; незак.

Гучаць перарывіста, раскатамі. У канцы вёскі, там, дзе не так даўно раскатваўся вясёлы смех шахтбудаўцаў, пачуліся таксама галасы. Кулакоўскі. А там, у далёкай цемрадзі ночы, усё раскатваліся чэргі, бухалі гранаты. Быкаў.

раска́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што. Катаць, вазіць каго‑, што‑н. Што ты яго раскатваеш?

2. Разм. Тое, што і раскатвацца ​1. Што гэта будзе, калі кожны возьмецца раскатваць, куды яму ўздумаецца. Аднаму па дзяцей пад’ехаць, другому на кірмаш. Васілевіч.

раскату́рхацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Абудзіцца ад сну. — Пятрусь, уставай! — гукнула старая на печ.. Пятрусь, хоць і глухаваты і спіць яшчэ моцна, раскатурхаўся хутка, сцяміў, у чым справа. Брыль. Язэп доўга не мог раскатурхацца ад сну, і таму Кастусь запрагаў каня сам. Якімовіч. // перан. Выйсці са стану пасіўнасці, разварушыцца. Шнураў канчаткова раскатурхаўся пасля бакала шампанскага, заспяваў «А ў полі вярба», усе падхапілі і дружна праспявалі песню. Гурскі.

раскату́рхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Нямоцна штурхаючы, трасучы, абудзіць ад сну, прымусіць прачнуцца. Мікола моцна спаў, праз сон чуў, як званіў будзільнік, але ён не падняўся, а толькі перавярнуўся на другі бок і зноў заснуў. А потым яго раскатурхала жонка. Гаўрылкін. // перан. Вывесці са стану пасіўнасці, разварушыць. [Лабановіч:] — А самае важнае — мы раскатурхалі б соннае балота нашага настаўніцтва, бо жыць так, як жывём мы, адарваныя адзін ад аднаго, жыць без жывой ідэі, .. так жыць нельга. Колас. Толькі самай прыгожай дзяўчыне .. ўдаецца некалькі раскатурхаць Браму. «Полымя».