Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ра́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., каго-што і без дап.

Выклікаць радасць, прыносіць радасць. Але ў той жа час Кузняцова радавала тое, што з такім чалавекам можна ісці любой дарогай, нават самай цяжкай... Пташнікаў. [Ад’езд] і радаваў — дома мяне чакала сустрэча з уласнымі дзецьмі, і крышачку засмучаў. Васілевіч. Тым часам разведка збірала апошнія звесткі. Яны не радавалі. Дзенісевіч. // (у спалучэнні з назоўнікамі «вока», «слых», «сэрца» і пад.). Быць прыемным, даваць асалоду. За імі [праспектамі] ўзрунелыя густа палі Зялёнымі хвалямі радуюць вока. Зарыцкі.

радаві́тасць, ‑і, ж.

Прыналежнасць да старога знатнага роду; знатнасць. Радавітасць продкаў.

радаві́ты, ‑ая, ‑ае.

Які належыць да старога знатнага роду. Пасля набажэнства радавітая шляхта, паны-абшарнікі і ваенная арыстакратыя заходзяць да ксяндза .. на «шклянку гарбаты». Колас.

радавы́ 1, ‑ая, ‑ое.

1. Звычайны, просты, які нічым не вылучаецца сярод іншых. Радавы выпадак. Радавы чытач. □ Камандзір «Міцька» — гэта быў радавы савецкі чалавек, камсамолец з кубанскай станіцы. Брыль. [Асташонак:] — Жыццё ствараюць звычайныя, радавыя людзі. Іх — мільёны! Знатных жа — адзінкі. Ваданосаў. // Такі, які не займаецца кіруючай работай. Гаварылі стары майстар, інжынер, радавыя рабочыя. Кавалёў. / у знач. наз. радавы́, ‑ога, м. Партыя. Я — адзін з яе радавых. Танк.

2. Які не належыць да каманднага саставу; не з’яўляецца камандным (пра ваеннаслужачых). Радавы салдат. □ Між тым якраз у той час праславіўся дзед Талаш як ваяка, ды які яшчэ ваяка: чырвоны партызан, і не радавы, не просты партызан! Колас. // у знач. наз. радавы́, ‑ога, м. Салдат. [Васіль] прайшоў праз усю вайну. Вырас з радавога да капітана, камандзіра роты. Шамякін. Для ўсіх — і радавых і генералаў — Нялёгкім быў той першы год вайны. Прыходзька.

радавы́ 2, ‑ая, ‑ое.

Тое, што і радковы. Радавая пасадка бульбы. Радавая веялка.

радавы́ 3, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да роду (у 2 знач.). Спраўляць радавы абрад.

2. Які пераходзіць у адным родзе з пакалення ў пакаленне; спадчынны; родавы. Радавая маёмасць. Радавая прафесія. Радавая спадчына. □ Пальцы [Луцкевіча] ўпрыгожвалі два масіўныя пярсцёнкі: адзін з пячаткай, на якой быў радавы шляхецкі герб «Навіна», на другім — масонскі знак. Машара. Сані з целам павольна прасоўваліся па снежнай дарозе да радавога маёнтка. Караткевіч.

радавы́ 4, ‑ая, ‑ое.

Зроблены з грубай ільняной пражы; зрэбны. Радавая тканіна. // Звязаны з апрацоўкай такой пражы і вырабам тканіны з яе. На сход прыйшлі былі Цімох з Лявонам; зайшла Макрына да Атрахіміхі — адносіла пазычанае радавое бёрда ў адзінаццаць з палавінаю пасмаў. Баранавых.

рададэ́ндравы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рададэндрана.

рададэ́ндран, ‑а, м.

Вечназялёная расліна сямейства верасовых з буйнымі кветкамі, якая расце ў горных мясцовасцях Еўропы і Азіі. // ‑у. у знач. зб. Зараснікі гэтай расліны.

рада́р, ‑а, м.

Радыёлакатар.

[Англ. radar (літарнае скарачэнне слоў radio detecting and ranging).]

рада́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да радара. Радарная ўстаноўка. Радарнае абсталяванне. // Які мае радар, радары. Радарная станцыя.

радасло́ўе, ‑я, н.

1. Гісторыя роду, генеалогія. Пазней радаслоўе літоўскіх князёў у версіі Спірыдона было адхілена ўрадам Івана IV. Чамярыцкі.

2. Тое, што і радаслоўная (гл. радаслоўны ў 2 знач.).

радасло́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да радаслоўя (у 1 знач); генеалагічны. Радаслоўная кніга. Радаслоўныя запісы.

2. у знач. наз. радасло́ўная, ‑ай, ж. Пералік пакаленняў аднаго роду, які ўстанаўлівае паходжанне і ступень роднасці. Цяпер, калі я вам расказаў у двух словах радаслоўную Мухтара аж да шостага калена, вы мусіце зразумець, кім ён павінен быў стаць. Васілёнак. Толькі аднойчы Ягор Захаравіч прыадчыніў акенца ў сваю радаслоўную: — Бацька мой бунтаўшчыком быў. Карамазаў.

•••

Радаслоўнае дрэва гл. дрэва.