Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пу́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.

Памянш. да пуня; невялікая пуня. [Сцяпан] нацянькі прайшоў да агародаў, паціху зайшоў у сваю пуньку і лёг на сена. Чарнышэвіч.

пу́ня, ‑і, ж.

Вялікая халодная будыніна для захоўвання сена; адрына. За хатай — клець на каменным падмурку, цёплы хлеў, прасторная пуня, садок са старых і маладых дрэў. Хадкевіч. [Хлопцы] начавалі покатам на сене ў вялікай пуні. Грахоўскі.

пуп, ‑а, м.

1. Рубец на сярэдзіне жывата, знак пасля адпадзення пупавіны. Шырокі прарэх адкрывае грудзіну і жывот да самага пупа. Колас. Пуп.. [цяля] прымарозіла, як яшчэ пад каровай было, і стаў гнісці жывот. Ермаловіч.

2. Страўнік у птушак. Курыны пуп. Гусіны пуп.

3. перан. Разм. Круглае або вострае заканчэнне розных прадметаў. Дарабіць пуп у шапцы.

4. перан. Разм. Цэнтр чаго‑н. [Клім:] — Гэта ўсё — вон, пятнаццаты век. Тут пуп калгаса! — і яго рука зрабіла дугу і паказала пальцам сабе пад ногі. Лобан.

•••

Браць на пуп гл. браць.

Ірваць пуп гл. ірваць ​1.

Пуп зямлі — пра таго, хто лічыць сябе самым галоўным, цэнтрам чаго‑н.

пупаві́на, ‑ы, ж.

Шнурападобны орган, які злучае зародак чалавека або жывёлы з арганізмам маці.

•••

Адарваць з пупавінай гл. адарваць.

пупко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пупка ​1 (у 1 знач.).

пупо́к 1, ‑пка, м.

1. Тое, што і пуп (у 1, 2 знач.).

2. Невялікі акруглы выступ. У цёмна-сіняй кепцы з пупком, сцягнутай на патыліцу, у таго ж колеру касцюме, у аброшаных ботах, .. [Сучок] унёс у хату свежасць ранку. Пестрак.

пупо́к 2, ‑пка, м.

Шматгадовая пахучая трава сямейства складанакветных з галінастым сцяблом і жоўтымі або белымі кветкамі.

пупо́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пупа (у 1 знач.), пупка ​1 (у 1 знач.). Пупочная грыжа.

пупс, ‑а, м.

Лялька ў выглядзе маленькага голага дзіцяці. Цэлулоідны пупс. // перан. Пра маленькае, звычайна поўнае дзіця.

пупы́рыцца, ‑рыцца; незак.

Абл. Пакрывацца пупырышкамі, быць пакрытым пупырышкамі. У жанчыны — перапэцканыя ў кроў рукі, халат, нават нос, а плечы пупырацца «гусінай скурай». Карпюк.

пупы́рышка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Абл.

1. Маленькі бугарок, звычайна на скуры. Паспрабуй акунуцца ў .. [ваду] і адразу .. скура пакрыецца гусінымі пупырышкамі. Беразняк.

2. Тое, што і пупышка (у 1 знач.). Набухлі смалістыя пупырышкі каштанаў. Лынькоў.