Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

непаўната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.

Адсутнасць патрэбнай паўнаты ў чым‑н.; недастатковасць. Непаўната звестак.

непаўнацэ́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непаўнацэннага.

непаўнацэ́нны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае поўнай цаны або патрэбных якасцей. Непаўнацэнная валюта. Непаўнацэннае насенне.

непаўто́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непаўторнага.

непаўто́рны, ‑ая, ‑ае.

Адзіны ў сваім родзе; выключны, асаблівы. Кожная рака, нібы жывая істота, мае свой нораў, свой характар, сваё аблічча, свой непаўторны .. выгляд. В. Вольскі. Прастор лашчыў вока красой непаўторнай і свежай. Панчанка.

непахва́льны, ‑ая, ‑ае.

Які не заслугоўвае пахвалы, адабрэння; ганебны. Непахвальныя паводзіны. Непахвальны ўчынак.

непахі́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непахіснага. Непахіснасць ідэйных асноў. □ Калі [Галынскі] гаварыў, усё здавалася ясным, непахісна верным. Але варта было хоць каму запярэчыць яму, як знікала гэтая непахіснасць. Галавач.

непахі́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што нельга пахіснуць; устойлівы. Светлаю любоўю да Радзімы, Сілай непахіснай у плячах Услаўляем вобраз мы любімы — Дарагія рысы Ільіча! Звонак.

2. Цвёрды, стойкі (у сваіх намерах, перакананнях і пад.). Лірычны герой вершаў В. Таўлая паўстае перад чытачом як непахісны барацьбіт за шчасце народа. Шкраба. Ты [баян-кабзар] прайшоў яго [шлях], Як асілак-змагар непахісны, І агню твайго Не згасіў ніхто. Колас. // Які ўласцівы такому чалавеку. Усю гэтую навалу вытрымала, выстаяла і перамагла непахісная воля народа. Паслядовіч. Характар у.. [бацькі] цвёрды і непахісны, як скала. Пянкрат. // Які выяўляе стойкасць, цвёрдасць. Хлопцы адчулі палёгку і непахісную ўпэўненасць у сваёй незалежнасці. Вітка.

непача́ты, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога яшчэ не пачыналі, за які яшчэ не браліся; цэлы. Ля дашчанай агароджы, за якой ўзвышаліся.. стагі, скуб траву стрыножаны гняды конь. Непадалёку стаяў непачаты воз сена. Чыгрынаў.

•••

Непачаты край гл. край ​1.

непачці́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць непачцівага; непашана. Непачцівасць да старэйшых.