перамата́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Наматаць на што‑н. другое. Пераматаць ніткі на клубок. Пераматаць кінастужку. // Наматаць, абматаць нанава, іначай. Пераматаць анучы.
2. Перавіць, перавязаць. Пераматаць пасылку шпагатам. □ Замест заставак бацька перамагаў гадок [калёс] повадам. Баранавых.
3. Зматаць, абматаць усё, многае. Пераматаць ніткі. Пераматаць трансфарматары. Пераматаць пакункі.
перамаўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.
Незак. да перамовіцца.
перамаўча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што і без дап.
Разм. Моўчкі знесці які‑н. папрок, не адказаць, не адазвацца на што‑н.; змоўчаць, прамаўчаць. Глушак цярпліва перамаўчаў. Паказаў, што чуе сябе вінаватым. Мележ.
перама́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да перамахнуцца (у 1 знач.).
перамахну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Разм.
1. Махнуць адзін другому з якой‑н. мэтай.
2. Тое, што і перамахнуць. Хлапец ускочыў на паркан, перамахнуўся на той бок і пайшоў паволі змрочнаю вуліцай. Чорны.
перамахну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм.
1. што і цераз што. Пераскочыць цераз што‑н. Перамахнуць цераз плот. □ — Давай пабяжым! На вуліцы страляць не будуць! Перамахнём агароджу, скочым у кусты і — уратаваныя! — прапанаваў я. Карпюк. // З ходу пераправіцца, перабрацца на процілеглы бок чаго‑н. Перамахнуць цераз раку. Перамахнуць галопам узгорак.
2. Хутка перайсці, пераехаць куды‑н. Перамахнуць у другі горад.
перама́цаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад перамацаць.
перама́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Памацаць, абмацаць з якой‑н. мэтай усіх, многіх або ўсё, многае. Перамацаць усе кішэні. □ [Паліцэйскія] усё ператрусілі, перамацалі ў чамаданах і скрынях, у ложках і шафах. М. Ткачоў. [Дзед:] — Усё тут сваімі рукамі перамацаў. Можна прывязваць не толькі кароў, але і мядзведзяў. Паслядовіч. Перагледзела ўсё [Аня], перамацала рукамі, — нідзе не знайшла. Кулакоўскі.
перама́цваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да перамацаць.
перамачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак.
1. што. Сапсаваць, пазбавіць якіх‑н. якасцей празмерным мачэннем. Перамачыць лён.
2. каго-што. Намачыць усё, многае або ўсіх, многіх. Дождж перамачыў усю вопратку.