нерво́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць нервовага (у 3 знач.). Нервовасць рухаў. // Павышаная ўзбуджальнасць нервовай сістэмы, хваравітая ўражлівасць. У паходцы і ўсіх рухах Ліквішвілі адчувалася нейкая нервовасць, быццам ён быў раззлаваны чымсьці. Дудо.
нервовахво́ры, ‑ая, ‑ае.
Чалавек, у якога назіраецца нервовая хвароба. Нервовахворы чалавек. / у знач. наз. нервовахво́ры, ‑ага, м.; нервовахво́рая, ‑ай, ж. Клініка для нервовахворых.
нерво́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да нерва, нерваў. Нервовая тканка. Нервовы цэнтр. Вышэйшая нервовая дзейнасць. □ Навуковыя адкрыцці Паўлава ў галіне вывучэння мозга і нервовай сістэмы знамянуюць адну з вялікіх перамог матэрыялізму над ідэалізмам. «Беларусь».
2. Які выкліканы захворваннем нерваў, які ўзнік у выніку расстройства дзейнасці нервовай сістэмы. Нервовыя хваробы. □ [Паліцэйскі] стаяў пасярод пакоя, заклаўшы за спіну рукі, і нервовы цік перасмыкваў .. яго губы. Чорны.
3. Звязаны з узбуджанасцю, раздражненнем нерваў. Нервовае напружанне, што давяло [Візэнера] да фізічнага здранцвення, прайшло. Шамякін. Цяжкая работа ў інстытуце, гэтыя частыя непрыемнасці, а за імі і нервовая ўзбуджанасць — такая як сёння — могуць прывесці да благога. Шахавец. // Які выражае, выдае ўзбуджэнне, хваляванне, раздражненасць. Нервовы твар.
4. Якога лёгка расхваляваць; хваравіта раздражнёны, неспакойны. Сінклета Кузьмінічна любіць кароў, сваю работу, старанная даярка, але крыху адасобленая, нервовая і балюча рэагуе на ўсякія непаладкі. Дуброўскі.
5. Неспакойны, трывожны (аб рабоце, жыцці і пад.). Нервовая праца.
•••
Вегетатыўная нервовая сістэма гл. сістэма.
Нервовы імпульс гл. імпульс.
нерво́зна, прысл.
Нервова. Нататкі ў дзённіку сведчаць аб тым, што праца над паэмай працякала нервозна. У. Калеснік.
нерво́знасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан нервознага; хваравітая раздражненасць. Але Даніла прыкмеціў усё-такі і ліхаманкавы бляск вачэй хлопчыка, і хваравітую нервознасць рухаў. Мехаў. Лес супакойвае, разганяе трывогу, нервознасць. Шамякін.
нерво́зны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае павышаную ўзбуджальнасць. Нервозны чалавек.
2. Звязаны з раздражненнем, узбуджанасцю нерваў. Нервозны настрой. // Які выражае, выдае нервознасць, узбуджанасць, раздражненасць. Нервозны смех, брудныя словы невядомай жанчыны, кінутыя .. [Луізе] у твар, балюча кальнулі ў сэрца. Шашкоў. Віктар ледзь не давіцца нервозным смехам. Карпюк.
3. Неспакойны, трывожны. З некаторага часу Астранамічны інстытут жыў нейкім нервозным, узбуджаным жыццём. Гамолка.
нервю́ра, ‑ы, ж.
1. Характэрная асаблівасць архітэктурных канструкцый готыкі — пукатае рабро скляпення.
2. Элемент канструкцый крыла самалёта.
[Фр. nervure.]
нержаве́йка, ‑і, ДМ ‑вейцы, ж.
Разм. Нержавеючая сталь.
нержаве́ючы, ‑ая, ‑ае.
Які не ржавее.
•••
Нержавеючая сталь гл. сталь.
не́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Рыба сямейства ціхаакіянскіх ласосяў.