Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

расхлёбваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да расхлябаць.

•••

Расхлёбваць кашу — разблытваць якую‑н. складаную, заблытаную справу.

расхлі́станы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расхлістаць.

2. у знач. прым. Тое, што і расхрыстаны (у 2 знач.). Шустрыя хлопчыкі ў расхлістаных кажушках не прапускалі ніводных саней. Навуменка. Конік амаль увесь хаваўся ў жыце, а хлопец, бялявы, расхлістаны, ладны, у шэрай сялянскай кашулі, ледзь пагойдваўся, плыў над калоссем. Ракітны. На руках і расхлістанай грудзіне [немца] таксама рабацінне. С. Александровіч.

расхліста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Тое, што і расхрыстацца. Дзяўчынка ўсё яшчэ бегла побач з канём, белыя льняныя валасы яе растрапаліся, зрэбная сукенка расхлісталася. Якімовіч.

расхліста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм. Тое, што і расхрыстаць. Усхадзілася мяцеліца, Расхлістала кажушок; То ўзвіецца, то пасцелецца, То адскочыцца на крок. Лужанін.

расхлусі́цца, ‑хлушуся, ‑хлусішся, ‑хлусіцца; зак.

Разм. Пачаць хлусіць многа і доўга.

расхля́банасць, ‑і, ж.

Разм.

1. Уласцівасць і стан расхлябанага. Расхлябанасць хады.

2. Адсутнасць дысцыпліны, неарганізаванасць, распушчанасць. Ленінскі камсамол выступіў у паход супраць расхлябанасці, нядбайнасці. «Маладосць».

расхля́баны, ‑ая, ‑ае.

1. У якім аслаблі мацаванні (ад неахайнага доўгага карыстання); расхістаны. А потым высветлілася, што .. [піяніна] расхлябанае, як старыя калёсы, і іграць на ім могуць толькі такія артысты, як мы з Санькам. Сяркоў.

2. перан. Няцвёрды, віхлясты. Расхлябаная паходка. □ Зноў шаша і зноў аднастайны, расхлябаны крок. Навуменка. // Недысцыплінаваны, неарганізаваны. [Метак:] — А, урэшце, дакуль ты будзеш такі ... расхлябаны? Пара брацца за розум. Бажко.

расхля́бацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Расхістацца, аслабнуць. Гайка расхлябалася.

2. перан. Стаць недысцыплінаваным, распусціцца. Хлопец расхлябаўся, не слухаецца.

расхляба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Хлябаючы, з’есці ўсё разам з другімі або з многімі. Расхлябаць поліўку.

2. перан. Разблытаць, уладзіць што‑н. заблытанае, непрыемнае.

расхля́бісты, ‑ая, ‑ае.

Абл. Гразкі, пакрыты калюжынамі; няроўны. Ісці па расхлябістай дарозе было нязручна і цяжка. Асіпенка.