Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нерацыяна́льны, ‑ая, ‑ае.

Пазбаўлены рацыянальнасці. Нерацыянальныя перавозкі. Нерацыянальная загрузка транспарту. Нерацыянальнае выкарыстанне сродкаў.

нерашу́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан нерашучага; адсутнасць рашучасці. Мішурын пастаяў у нерашучасці і пасля пачаў паволі збірацца ў дарогу. Чорны. [Мучаідзе] праявіў нерашучасць толькі таму, што не быў у дастатковай меры смелым. Самуйлёнак.

нерашу́чы, ‑ая, ‑ае.

Такі, якому не ўласціва рашучасць. Нерашучы чалавек. □ [Трахім Лявонавіч:] — У маім уяўленні вы заўсёды былі той самай нерашучай, сарамлівай Анютай, якой я вас ведаў раней. Корбан. // Які выражае адсутнасць рашучасці, сведчыць аб нерашучасці. Нерашучы характар. □ З глыбіні залы пачуўся нерашучы голас. Мехаў.

нерв, ‑а, м.

1. Тонкае валакно, якое ў выглядзе адростка адыходзіць ад галаўнога і спіннога мозга і з’яўляецца састаўной часткай разгалінаванай сістэмы, здольнай служыць сродкам кіравання дзейнасцю арганізма. Зрокавы нерв. Блукаючы нерв. □ Шафёр і старшыня ехалі моўчкі. Пасля розных клопатаў у Мінску кожны нерв адпачываў сам сабою. Пестрак. Сашу быццам ударыла токам — скалануўся, уздрыгнуў кожны нерв. Шамякін. // Спец. Жылка ў лісцях раслін і крылах насякомых.

2. толькі мн. (не́рвы, ‑аў). Сістэма такіх валокнаў, якая вызначае дзейнасць арганізма, стан і паводзіны чалавека. Нервы, нарэшце, не вытрымалі.. Хваляванне, напружанасць усіх гэтых дзён раптам далі сябе адчуць, і Чыжык заплакаў. Лупсякоў.

3. перан. Цэнтр якой‑н. дзейнасці, асноўная дзейная сіла чаго‑н. Нёман быў пер вам сяла, які будзіў яго жыццё. Колас.

•••

Выматаць усе нервы гл. выматаць.

Іграць на нервах гл. іграць.

Трапаць нервы гл. трапаць.

[Лац. nervus — жыла, сухажылле.]

нервава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. нерваваць і нервавацца.

нервава́цца, нервуюся, нервуешся, нервуецца; незак.

Быць ва ўзбуджаным, нервовым стане; хвалявацца, злавацца. Бабейка нерваваўся — сківіцы ў яго ўздрыгвалі, з вуснаў вось-вось павінны былі сарвацца словы. Хадкевіч. Немцы нерваваліся, лезлі з ходу да рэчкі, насыпалі ўзлессе мінамі. Пташнікаў.

нервава́ць, нервую, нервуеш, нервуе; незак.

1. каго і без дап. Даводзіць каго‑н. да нервовага стану. Тое, што дырэктар неадрыўна глядзіць на яго крыху насмешлівымі вачыма, нервавала следчага. Нядзведскі. Задумваючыся, Юрка прапускаў звенні ў тлумачэннях і доказах дацэнта і таму наогул не разумеў нічога. Гэта стамляла і нервавала. Карпаў.

2. Разм. Тое, што і нервавацца. [Берднікаў] нерваваў. Ён напружыў усе свае сілы, каб хаця не выявіць чым гэтай нервовасць. Мікуліч. Аўтар пратакола, відавочна, нерваваў, але маўчаў. Машара.

нерва́цыя, ‑і, ж.

1. Спец. Размеркаванне жылак на пласцінках лісцяў і крылах насякомых; жылкаванне.

2. Уст. Нервовае расстройства. Бацька змоўк, анямеў, толькі калаціўся ад нервацыі дробненька, як у трасцы... Гарэцкі.

[Фр. nervation — размеркаванне жылак у лістах.]

нерві́зм, ‑у, м.

Спец. Вучэнне аб вядучай ролі нервовай сістэмы ў працэсах жыццядзейнасці арганізма, якое стварыў І.П. Паўлаў.

нерво́ва, прысл.

1. Узбуджана, усхвалявана; раздражнёна. Засунуўшы рукі ў кішэні пінжака.., [Галаўня] нервова пачаў хадзіць па кабінету. Гроднеў. — Не лёгкая сітуацыя, не лёгкая: праз столькі гадоў шукаць страчанае, — паспачуваў пасажыр, нервова раскручваючы газету. Пальчэўскі. / у перан. ужыв. — Дапамогі! Дапамогі! — нервова крычаў кожны радок, кожнае слова.. рапарта. Шамякін.

2. Хваравіта, сутаргава. Адно вока раз-пораз торгаецца нервова, і здаецца часам, што Гардзей некаму падміргвае. Мележ. Тонкія худыя рукі .. [Каваля] нервова ўздрыгвалі і не знаходзілі сабе месца. Хомчанка.