Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нерасчляня́льны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які нельга падзяліць на часткі; адзіны.

не́рат, ‑а, М ‑раце, м.

Рыбалоўная снасць, сплеценая з лазовых дубцоў, у выглядзе доўгага конуса з кароткім конусападобным уваходам; верша. Вунь за тым алешнікам пачнецца балота, дзе ў глыбокіх ямах, невялічкіх аеравых азёрах хлапчукі кошыкамі і нератамі лавілі ўюноў і карасёў. Бялевіч.

нерато́к, ‑тка, м.

Памянш.-ласк. да нерат: невялікі нерат. Лавіў наш дзядзька нераткамі І венцярамі і сачкамі Ды аднаго ўсё ж бракавала: У дзядзькі чоўна не ставала. Колас.

нераўнаме́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нераўнамернага. Нераўнамернасць і скачкападобнасць у развіцці асобных прадпрыемстваў, асобных галін прамысловасці, асобных краін непазбежны пры капіталізме. Ленін.

нераўнаме́рны, ‑ая, ‑ае.

Пазбаўлены раўнамернасці. Нераўнамернае размеркаванне. Нераўнамерны характар развіцця капіталізму.

нераўнапра́ўе, ‑я, н.

Адсутнасць раўнапраўя; валоданне неаднолькавымі з кім‑н. правамі.

нераўнапра́ўнасць, ‑і, ж.

Стан нераўнапраўнага.

нераўнапра́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае няроўныя правы з кім‑, чым‑н., пазбаўлены раўнапраўя. Нераўнапраўны дагавор. Нераўнапраўнае становішча. □ Дзеля выратаванне сацыялістычнай рэвалюцыі Савецкі ўрад падпісаў цяжкі, нераўнапраўны Брэсцкі мір. «Полымя».

нераўня́, ‑і, м. і ж.

Пра чалавека, няроўнага з іншымі ў якіх‑н. адносінах. [Драздовіч:] — Ёсць тут яшчэ адзін наш зямляк. Таксама аграном, але нераўня Павалковічу. Машара.

нерацыяна́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нерацыянальнага.