Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

расхало́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Зал. да расхалоджваць.

расхало́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да расхаладзіць.

расхандры́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

Разм. Пачаць моцна хандрыць.

расхапа́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад расхапаць.

расхапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Пахапаць усё паасобку. Аднекуль з-за бар’ера паявіліся дзяўчаты, уміг расхапалі цэглу і зніклі. Асіпенка. Але ўсіх жарэбчыкаў расхапалі сабе шасцікласнікі і сямікласнікі. Якімовіч. // Разм. Хутка раскупіць.

расхапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; ‑хопім, ‑хопіце; зак., што.

Разм.

1. Тое, што і расхапаць. Пакупнікі расхапілі цыбулю за якіх чатыры гадзіны. Паслядовіч.

2. Хутка развесці, разамкнуць, разняць. Расхапіць рукі.

расхаце́цца, ‑хочацца; безас. зак.

Перастаць хацецца. Шчыра кажучы, Люся ўжо ледзь не клявала носам, як пад’язджалі да стану. А тут зусім спаць расхацелася. Даніленка.

расхаце́ць, ‑хачу, ‑хочаш, ‑хоча; зак., чаго і з інф.

Перастаць хацець. Расхацець марожанага. Расхацеў ехаць на поўдзень.

расхвалі́цца, ‑хвалюся, ‑хвалішся, ‑хваліцца; зак.

Разм. Пачаць празмерна хваліцца. На ўвесь зялёны бор Расхваліўся Мухамор, Што пад шапкай — маку цвет — Ён дзяцюк на цэлы свет. Танк.

расхвалі́ць, ‑хвалю, ‑хваліш, ‑хваліць; зак., каго-што.

Вельмі, не адзін раз пахваліць; высока ацаніць. [Піліп:] — Пойдзем у клуб, пачытаеш, як там цябе ў заводскай насценгазеце расхвалілі. Кулакоўскі. І так расхваліў .. [Іван] сваё царства, што леў адразу згадзіўся ўцякаць з ім. Якімовіч.