разнаста́іць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; незак., што.
Кніжн. Рабіць разнастайным. Разнастаіць мову можна пры дапамозе сінонімаў і не трэба старацца звесці іх. Лужанін.
разнаста́йнасць, ‑і, ж.
Наяўнасць мноства непадобных элементаў у чым‑н.; адсутнасць аднастайнасці. Панна Марына, без спрэчкі, мела перавагу над Ядвісяю ў харастве, але разам з гэтым уступала Ядвісі ў разнастайнасці праяўленняў жыцця. Колас. Прыгожыя карціны роднага беларускага пейзажу мільгалі адна за адной, песцячы погляд мяккасцю і разнастайнасцю фарбаў. Васілевіч. Метад сацыялістычнага рэалізму мае на ўвазе шматграннасць мастацтва, разнастайнасць стыляў, творчых манер і кірункаў. Конан.
разнаста́йны, ‑ая, ‑ае.
Неаднолькавы з другім (другімі) па якіх‑н. прыкметах. Вільготная зямля і начная цішыня даносілі разнастайныя гукі неўгамоннага жыцця. Колас. Разнастайныя па форме, па велічыні сняжынкі ляцелі, кружыліся перад машынай, віхрыліся збоку. Шамякін. // Які складаецца з неаднолькавых, непадобных асоб, прадметаў, элементаў і пад. Разнастайны жывёльны свет. □ Жыве разнастайны ў мястэчку народ: Рамеснікі, цеслі, сяляне. Глебка. Павестка дня вялікая і разнастайная. Крапіва. Вельмі багатыя і разнастайныя па тэматыцы, па вобразах, лірычных пачуццях перш за ўсё песні любоўныя. Саламевіч.
разнасто́пны, ‑ая, ‑ае.
Які характарызуецца неаднолькавай колькасцю стоп у розных радках. Разнастопная страфа.
разна́сцежаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад разнасцежыць.
разна́сцежыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.
Паэт. Расчыніць насцеж. Звычайны дзень, казённа-шэры, падцягнуты і посны — ён разнасцежыў зарана дзверы ў гімназічны пансіён. Вялюгін. Чаму ты плойме выдуманых бед Разнасцежыла сэрца так старанна? Бяда, калі пазнюся на абед, Бяда, калі прыходжу надта рана. Макаль.
разнато́ннасць, ‑і, ж.
Уласцівасць разнатоннага.
разнато́нны, ‑ая, ‑ае.
Які адрозніваецца ад іншых па тону. Разнатонныя гукі. // Які ўтвараецца з гукаў розных таноў. Разнатонны звон.
разнатра́ўе, ‑я, н., зб.
1. Розныя травы, якія растуць уперамешку. Каля лазнякоў, .. над негустым разнатраўем ужо ўзвышаліся мяцёлкі цімафееўкі і лісахвоста. Шамякін. Пад нагамі ўгіналася забалочаная зямля, зацягнутая разнатраўем. Мележ.
2. Спец. Група кармавых травяністых раслін, у якую не ўваходзяць злакавыя, бабовыя і асаковыя.
разнатра́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які складаецца з розных траў; пакрыты разнатраўем. Разнатраўнае сена. □ Налева ад берага пачынаецца стэп, па-майску сакавіты і разнатраўны. Хомчанка.