Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разнамы́сны, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які ў думках неаднолькавы з кім‑н.

разнапла́навасць, ‑і, ж.

Уласцівасць разнапланавага. Разнапланавасць твора. Разнапланавасць акцёра.

разнапла́навы, ‑ая, ‑ае.

Які выступае ў розных планах, ахоплівае розныя аб’екты чаго‑н. Разнапланавы раман. Разнапланавы пісьменнік. □ Платонаў стаў самым разнапланавым акцёрам, акцёрам найшырэйшага дыяпазону. Сабалеўскі.

разнапо́лы, ‑ая, ‑ае.

1. толькі мн. Рознага полу, неаднолькавыя па полу.

2. Спец. Які мае раздзельнаполыя кветкі.

разнара́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Размеркаванне каго- або чаго‑н. у планавым парадку; распараджэнне аб такім размеркаванні. Дачуўся, што ў райком камсамола прыйшла разнарадка пасылкі на вучобу ў Горацкі рабфак. Грамовіч. [Нямковіч] склала разнарадку, якому калгасу і колькі належыць атрымаць жамерын на цукровым заводзе. «Вожык».

2. Пісьмовае распараджэнне аб парадку выканання якіх‑н. работ або размеркаванні рабочых па рабочых месцах.

разнаро́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць разнароднага; неаднолькавасць. Ленінская думка пра складанасць і разнароднасць сусветнага рэвалюцыйнага працэсу знайшла пацвярджэнне ў сучасную эпоху. «Полымя».

разнаро́дны, ‑ая, ‑ае.

З неаднолькавымі, рознымі прыкметамі, уласцівасцямі. Тавар быў разнародны: камплекты абмундзіравання, бялізна, сукно,.. скуры, медыкаменты. Самуйлёнак. Сабраны натоўп байцоў быў разнародны па складу і выгляду. Машара. Кухонная соль утвараецца пры хімічным узаемадзеянні двух абсалютна разнародных рэчываў — металу натрыю і газу хлору. «Маладосць».

разнасі́цца, ‑носіцца; зак.

Стаць прастарнейшым пасля носкі. Боты на другі тыдзень трохі разнасіліся, і я ўжо ступаў упэўнена. Сабаленка.

разнасі́ць, ‑нашу, ‑носіш, ‑носіць; зак., што.

Носячы, зрабіць прастарнейшым. Чаравікі чорныя, з сівымі брызентавымі халяўкамі, цеснаватыя. «Разносіш, як пойдзеш у школу. На большыя грошай не было», — сказала тады маці. Пташнікаў.

разнаспо́равы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Такі, характэрнай прыкметай якога з’яўляецца наяўнасць спораў двух родаў — буйных і дробных. Разнаспоравыя папаратнікі.