Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перакрыві́цца, ‑крыўлюся, ‑крывішся, ‑крывіцца; зак.

1. Стаць крывым, несіметрычным; перакасіцца. Перакрывілася страха. Перакрывілася дошка.

2. Скрывіцца ад болю, страху і пад. (пра твар, губы). Твар у .. [Мартына] перакрывіўся ад страху, плечы, як у старога дзеда, сагнуліся ў дугу. Ваданосаў.

перакрыві́ць, ‑крыўлю, ‑крывіш, ‑крывіць; зак.

1. што. Зрабіць крывым, несіметрычным; перакасіць.

2. звычайна безас. каго-што. Надаць несіметрычны выраз (твару, губам). Апухлы твар .. [Ядзі] перакрывіла. Новікаў. Чалавек запхнуў сала ў рот, але жаваць ужо не мог. Яму звяло сківіцы, перакрывіла рот. Асіпенка.

3. каго. Перадражніць. Я баюся, як г-р-ы-м-л-і-ц-ь, — тонкім дзіцячым галаском перакрывіў .. [Кузьма] дзяўчынку. Хведаровіч. [Ала:] — Валодзька, ведаеш новую навіну!.. — Новая навіна! — перакрывіў яе Валодзя. — Я аб гэтым яшчэ можа тыдзень назад ведаў. Шамякін. — Працава-алі, — перакрывіў Патапавіч, — больш тае гаворкі, як работы. Кулакоўскі.

перакрыжава́нне, ‑я, н.

1. Месца, дзе перасякаецца, перакрыжоўваецца што‑н. На перакрыжаванні вуліц. Перакрыжаванне прыцэлу.

2. Спец. Спарванне жывёл або апыленне раслін розных відаў, сартоў, народ для вывядзення новага віду, сорту, пароды жывёлы або расліны. Натуральнае перакрыжаванне культурных раслін.

перакрыжава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад перакрыжаваць.

2. у знач. прым. Размешчаны крыж-накрыж. Старая кузня здавалася скалечанай пачварай. На фіялетавым небе выразна відаць былі перакрыжаваныя пахілыя кроквы. Асіпенка.

3. у знач. прым. Які праводзіцца ў двух перасякальных напрамках (пра сяўбу, пасевы, апрацоўку пасеваў). Пасеяць перакрыжаваным спосабам.

4. у знач. прым. Спец. Накіраваны на адну і тую ж цэль з некалькіх бакоў. Перакрыжаваны агонь.

5. Які праводзіцца адначасова некалькімі асобамі (пра допыт, размову і пад.). Перакрыжаваны допыт.

•••

Перакрыжаванае апыленне гл. апыленне.

Перакрыжаваная рыфма гл. рыфма.

перакрыжава́цца, ‑жуецца; зак.

1. Размясціцца накрыж; скрыжавацца. Перакрыжаваліся вуліцы. □ Некалькі праменяў кінулася ў адным кірунку. І там, дзе яны перакрыжаваліся, засвяціўся маленькі, быццам лялечны самалёт. Карпаў.

2. перан. Сутыкнуцца, пераплесціся. Перакрыжаваліся інтарэсы. □ Здарылася так, што жыццёвая дарога Зэнкі перакрыжавалася з Апанасавай. Бажко.

перакрыжава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; зак., што.

1. Пакласці, правесці, перавязаць што‑н. накрыж. Гімнасцёрку на плячах перакрыжавалі дзве вільготныя паласы ад лямак парашута. Алешка.

2. перан. Сутыкнуць, пераплесці. А мы ж, брат, сустрэліся з ёй, пад Ржэвам. Вайна перакрыжавала нашы шляхі. Ракітны. // Скасаваць, перакрэсліць. Аўтаматызацыя і механізацыя, атамныя электрастанцыі, палёты на ракетах вакол зямлі нашчэнт перакрыжавалі ранейшы павольны тэмп жыцця. Паслядовіч.

перакрыжо́ўвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да перакрыжавацца.

2. Зал. да перакрыжоўваць.

перакрыжо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перакрыжаваць.

перакры́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перакрыць.

перакры́ўленасць, ‑і, ж.

Стан перакрыўленага.