Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перакрухма́львацца, ‑аецца; незак.

Зал. да перакрухмальваць.

перакрухма́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перакрухмаліць.

перакруці́цца, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.

1. Павярнуцца кругом, процілеглым бокам або канцом. На сярэдзіне рэчкі кругляк перакруціўся, [плывец] бухнуўся галавой у ваду, а ногі са шкарпэткамі задраліся ўгору! Колас. Юрка скінуў шапку і, папляваўшы на рукі, так пацягнуў пілу, што аж палена перакруцілася. Курто. Жанчына ўздрыганулася і, як вяртлявы звярок, у момант перакруцілася тварам да чалавека — у профіль да акна. Чорны. — Во! Гэта дарэчы! — перакруціўся на адной назе Віктар. Маўр.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сапсавацца ад частага або празмернага закручвання. Кран перакруціўся. // Распасціся напалам, на часткі ад кручэння. Алюмініевы дрот лёгка перакруціўся.

3. перан. Разм. Рэзка перамяніцца, перайначыцца. Віхляй уголас пераказваў Вінцусю Шавелю нечаканае яму рашэнне акругвыканкома. А той пазіраў на сакратара з лёгкім недаверам і не ведаў, як яно так раптам усё перакруцілася... Гартны.

4. Заблытацца, зблытацца. Перакруціліся ніткі.

перакруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., каго-што.

1. Павярнуць кругом, процілеглым бокам, канцом. Перакруціць педалі. □ З канца ў канец залы .. [піянерважатая] павявала тоўстую чорную нітку.. Вучням па чарзе завязвала вочы, давалі ў рукі нажніцы і, перакруціўшы некалькі разоў, пасылалі да ніткі. Арабей. // Закруціць, скруціць што‑н. у выглядзе спіралі. Перакруціць гужы.

2. Круцячы, раздзяліць напалам, на часткі. Перакруціць дрот.

3. Скруціць, звіць вельмі туга, крута; сапсаваць празмерным закручваннем. Перакруціць вужышча. Перакруціць шрубу. Перакруціць спружыну гадзінніка. Перакруціць кран.

4. Наматаць на што‑н. другое. Перакруціць магнітафонпую стужку з адной касеты на другую. // Наматаць, абматаць іначай. [Ракуцька] скінуў боты, перакруціў на нагах анучы і зноў абуўся. Чорны.

5. перан. Разм. Рэзка змяніць, парушыць папярэдні парадак, хаатычна перайначыць. Вайна многае перакруціла, перайначыла. Новікаў. // Змяніць у горшы бок. — Працавалі мы дагэтуль нядрэнна, усё ў нас ішло добра, а вы ўсё хочаце перакруціць. Скрыган. // Зрабіць на свой лад. О, як ім [нікчэмным людзям] хочацца законы Перакруціць на ўласны лад І праўду лёгенька з сядла Маною выбіць... Скарпіёны!.. Бачыла.

6. перан. Разм. Сказіць, змяніць сэнс, змест, форму чаго‑н. Той факт.. падхапілі ўжо кулацкія языкі, перакруцілі, прылажылі яшчэ ў дзесяць столак. Крапіва. Па тым, як Карніцкі наўмысля перакруціў слова кадры і вымавіў яго з асаблівым націскам, Каліта зразумеў, што гутарка.. будзе не вельмі лагодная. Паслядовіч.

перакру́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад перакруціць.

2. у знач. прым. Разм. Няправільны, перайначаны. Перакручанае слова.

перакру́чвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да перакруціцца.

2. Зал. да перакручваць.

перакру́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перакруціць.

перакрыва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. перакрываць — перакрыць.

перакрыва́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да перакрываць.

перакрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перакрыць.