тайко́м, прысл.
Непрыкметна, цішком, употай. [Пятро] дастаў кавалачак хлеба, які захапіў тайком у сталоўцы ў час снедання, адкусіў і доўга трымаў у роце, смакуючы салёна-салодкую мякаць. Шамякін. І па табе начамі маці плача, Зашыўшыся ў куток глухі тайком. Астрэйка.
тайм, ‑а, м.
У спартыўных гульнях з мячом (футбол, хакей і пад.) — перыяд часу, у які ідзе гульня. Першы тайм футбольнага матча.
[Ад англ. time — час.]
тайме́нь, ‑я, м.
Рыба сямейства ласасёвых, якая жыве ў рэках Сібіры.
та́ймер, ‑а, м.
Прыбор, які пасля сканчэння зададзенага прамежку часу аўтаматычна ўключае (выключае) машыну, апарат, устройства вытворчага ці бытавога прызначэння або сігналізуе аб наступленні моманту іх уключэння (выключэння).
[Англ. timer.]
тайм-а́ўт, ‑а, М ‑аўце, м.
У спартыўных гульнях (баскетболе і пад.) — прадугледжаны правіламі перапынак у гульні па просьбе каманды або яе трэнера.
[Англ. time out.]
та́йна 1, ‑ы, ж.
1. Тое, што хаваецца, адрываецца ад іншых, што вядома не ўсім; сакрэт. Ваенная тайна. Тайна перапіскі. □ І раптам .. [Вера] поўнасцю зразумела, што Ніна не хоча раскрываць тайны, не давярае ёй, і слёзы крыўды бліснулі на вачах. Мікуліч. Усе свае дзеянні піянеры вырашылі трымаць да часу ў тайне ад дарослых. Курто.
2. Тое, што яшчэ не пазнана, неразгадана; скрытая ўнутраная сутнасць з’явы, прадмета. Тайны будовы матэрыі. Тайны палярнага ззяння. □ Перад чалавекам стаяць яшчэ мільёны неразгаданых тайн прыроды, жыцця і смерці. Лынькоў. Выгнаць тайны акіяна — Вось імкненне іх [вучоных] і план. А. Александровіч. // Тое, чым чалавек яшчэ не авалодаў. Кожную вольную хвіліну [Аляксандра Іванаўна Клімава] выкарыстоўвае для таго, каб глыбей пранікнуць у тайны драматычнага мастацтва. «Маладосць». Люба спазнала тайну граматы. Чытаць — гэта было таксама вялікай асалодай. Кудраўцаў.
та́йна 2, прысл.
Скрытна ад іншых. Пакідаю я тайна пад час развітання Разам з сэрцам жывыя надзеі свае... Бачыла. Слёзы людскія, слёзы людскія!.. Тайна ліліся, адкрыта ліліся. Падалі долу гарачым дажджом. Колас.
та́йнапіс, ‑у, м.
Умоўнае тайнае пісьмо; крыптаграфія. Чытанне тайнапісу.
тайнапі́сны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тайнапісу; які з’яўляецца тайнапісам. Тайнапіснае паведамленне.
тайні́к, ‑а, м.
1. Месца для хавання чаго‑н. [Яраш] надзеў лепшы касцюм, дастаў з тайніка пісталет і гранату. Шамякін. // Тайнае сховішча. Вада бруіла ў нары і доўга не супакойвалася, аж пакуль бабёр зноў не забіраўся ў свой тайнік. Масарэнка.
2. перан. Тое, куды няма доступу іншым; самае запаветнае, патаемнае месца чаго‑н. Хто ў размове з ім не забываў, падкрэсліваў яго заслугі, чуць падхвальваў, з тым Вароніч абыходзіўся, як з чалавекам, які адамкнуў тайнік яго сэрца. Грамовіч. І дзесьці ў тайніках душы асядае, як муць, чорная думка аб тым, што няма нічога вечнага на зямлі. Лынькоў.
тайніко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тайніка (у 1 знач.).