Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

радыёлака́цыя, ‑і, ж.

1. Выяўленне і вызначэнне месцазнаходжання розных аб’ектаў у прасторы па адбітых ад іх радыёхвалях.

2. Галіна навукі і тэхнікі, якая займаецца пытаннямі вызначэння месцазнаходжання наземных, паветраных і касмічных аб’ектаў з дапамогай радыёхваль.

[Ад слова радыё і лац. locatio — размяшчэнне, распалажэнне.]

радыёлі́нія, ‑і, ж.

1. Сукупнасць радыёканалаў, якія працуюць паралельна або паслядоўна.

2. Спектральная лінія выпрамянення хімічнага элемента або злучэння ў дыяпазоне радыёхваль.

радыёля́мпа, ‑ы, ж.

Электронная лямпа для радыёапаратуры.

радыёма́чта, ‑ы, ДМ ‑чце, ж.

Апора, на якой падвешваюцца або ўмацоўваюцца на неабходнай вышыні антэны наземных радыёстанцый.

радыёмая́к, ‑а, м.

Перадавальная радыёстанцыя, сігналамі якой карыстаюцца ў радыёнавігацыі, каб вызначыць месцазнаходжанне лятальных апаратаў, караблёў.

радыёметэарало́гія, ‑і, ж.

Навука, у якой вывучаюцца атмасферныя працэсы і іх уплыў на распаўсюджанне радыёхваль і якая атрымлівае метэаралагічную інфармацыю з дапамогай радыётэхнічных сродкаў.

радыёметэацэ́нтр, ‑а, м.

Цэнтр збору і перадачы гідраметэаралагічнай інфармацыі па радыё і правадных каналах сувязі.

радыёнавіга́цыя, ‑і, ж.

1. Сукупнасць аперацый па забеспячэнню ваджэння самалётаў, суднаў і касмічных караблёў з дапамогай радыётэхнічных сродкаў.

2. Галіна навукі і тэхнікі, якая займаецца пытаннямі распрацоўкі і выкарыстання розных радыётэхнічных метадаў і сродкаў ваджэння самалётаў, суднаў і касмічных караблёў.

радыёнаву́шнікі, ‑аў; адз. радыёнавушнік, ‑а, м.

Тое, што і навушнікі (у 2 знач.). [Баляслаў] нагнуўся над столікам, уздзеў на галаву радыёнавушнікі. Чорны.

радыёпастано́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы; Р мн. ‑новак; ж.

Пастаўленая ў радыёстудыі і перададзеная па радыё п’еса або інсцэніроўка літаратурнага твора.