Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

несціха́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не сціхае, не змаўкае, не спыняецца доўгі час; які чуваць бесперапынна. Несціханы гул. Несціханы крык. □ Сінее высокі абрыў. На кручы стагоднія дрэвы. Над імі паводка зары, Вятроў несціханых напевы. Танк. У вушах стаяў несціханы звон, быццам ля кожнага вуха хтосьці настойліва, да знямогі, біў у нешта жалезнае, гулкае. Шахавец.

2. Які не праходзіць, не сунімаецца (пра боль і пад.). Змардаваны на допыце.. і пакутуючы ад несціханага болю, Шурка туліўся да вільготнай і халоднай сцяны. Мехаў.

несяме́йны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае сям’і, адзінокі. Вера Гаўрылаўна слухала сямейную сварку з адчуваннем той няёмкасці, якая бывае ў людзей несямейных. Асіпенка.

няско́раны і нескаро́ны, ‑ая, ‑ае.

Які не скарыўся сіле, уладзе каго‑, чаго‑н. Мы зноў у шчасці будзем жыць — Вайной няскораныя людзі. Астрэйка. Недзе там, за лініяй фронту, ляжаў распластаны ворагам, знявечаны, але няскораны родны горад. Новікаў. Усім раскажу я пра мужнасць Тваёй нескаронай душы, Як ты непахісна, мой дружа, Стаяў на сваім рубяжы. Прыходзька.

нястры́маны і нестрыма́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не можа валодаць сабой, стрымлівацца. Усе ведаюць, што Булай нястрыманы, што любіць пакамандаваць. Шыцік.

2. Якога немагчыма стрымаць. З нястрыманаю сілаю і з громам бервяно падае ў ваду. Колас. — Няма куды дзяваць збожжа, — з нястрыманай радасцю сказаў.. [Шаманскі]. Дуброўскі. Сябры скарысталі вясёлы.. настрой для розных смешных успамінаў і далі волю нестрыманаму смеху. Колас.