Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перале́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; ‑ляжам, ‑ляжаце, ‑лягуць; пр. пералёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; заг. пераляж; зак.

1. Устаўшы з аднаго месца, легчы на другое. Пералегчы з канапы на ложак.

2. Лежачы, перавярнуцца на другі бок. Пералегчы на спіну.

перале́жаць,

гл. пераляжаць.

перале́зці, ‑лезу, ‑лезеш, ‑лезе; пр. пералез, ‑ла; заг. пералезь; зак.

1. што, цераз што і без дап. Лезучы, перамясціцца на процілеглы бок чаго‑н. Пералезці плот. Пералезці цераз загарадку. □ Ён дабег да паркана і ўскочыў на нейкі выступ, каб лягчэй было пералезці. Шамякін. Трымаючыся за сцяну, Сотнікаў як-колечы дабраўся да гэтых дзвярэй, з дапамогай Рыбака пералез высокі парог. Быкаў.

2. Лезучы, перабрацца, перамясціцца куды‑н. Дачка прачнулася, пералезла са свайго ложка ў пасцель да маці. Гаўрылкін.

перале́плены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пераляпіць.

перале́плівацца, ‑аецца; незак.

Зал. да пералепліваць.

перале́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пераляпіць (у 1, 2 знач.).

перале́сак, ‑ску, м.

Невялікі лес, аддзелены полем ад іншых лясных участкаў, або рэдкі ці малады лес паміж ляснымі масівамі. Лесу не відаць, толькі сям-там пералескі, маленькія, вельмі ўтульныя цяністыя гаёчкі. Сачанка. Дарога была прасёлкавая, глухая — яна вілася між палямі і пералескамі воддаль ад паселішчаў. Хадкевіч.

перале́таваць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.

Разм. Пражыць, перабыць лета.

перале́так, ‑тка, м.

Цяля, ягня і пад. свойская жывёла прыблізна паўгадавога ўзросту (якая толькі пералетавала). Са Сцяпанавага двара імкліва выбегла цялушка-пералетак. Кавалёў.

перале́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да пералячыцца.

2. Зал. да пералечваць.