Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

размякча́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для размякчэння, размякчае. Размякчальны пластыр.

размя́кчаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад размякчыць.

размякча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да размякчыцца.

2. Зал. да размякчаць.

размякча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да размякчыць.

размякчы́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. Стаць мяккім, размякнуць. Воск размякчыўся ў цяпле.

2. перан. Прыйсці ў стан душэўнай чуллівасці, стаць ласкавым, добрым.

размякчы́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. Зрабіць мяккім. Размякчыць пластылін. Размякчыць смалу.

2. перан. Прывесці ў стан расчуленасці, зрабіць ласкавым, добрым. Пісьмо было поўна ласкавых слоў і гэта таксама было новым для Зынгі, размякчыла яго, зрабіла падобным да дзіцяці... Чорны.

размякчэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. размякчаць — размякчыць (у 1 знач.), стан паводле дзеясл. размякчацца — размякчыцца (у 1 знач.).

размяні́ць, ‑мяню, ‑меніш, ‑маніць; зак., што.

Тое, што і размяняць (у 2 знач.). Размяніць грошы. □ Паабедаўшы ў кафэ, яна [Маша] пайшла ў парк. Размяніла ў прадаўшчыцы газіроўкі пяцікапеечную манету, папрасіла «дзве па дзве». Шамякін.

размяня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

Абмяняцца кім‑, чым‑н. падобным, аднародным. Андрэй ссадзіў дзяўчыну з каня, узяўшы, як малое дзіця, пад пахі, і яны размяняліся вопраткай. Лобан. // У шахматнай гульні — зрабіць размен фігур. Размяняцца сланамі.

размяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

1. Абмяняць каго‑, што‑н. на другое падобнае або на другога падобнага. Размяняць палонных. // У шахматнай гульні — зрабіць размен фігур. Размяняць ферзёў.

2. Абмяняць адны грашовыя купоны або манеты на больш дробныя ў адпаведнай колькасці. [Алесь:] — Толькі паўрубель гэты дзеду ўсё ж аддамо. Размяняем на медзь і аддамо. Караткевіч. Размяняю зарплату на медзякі — І грашыма цябе засыплю! Барадулін. // Пачаць расходаваць, траціць (буйную купюру). [Гарык:] «Дарагая матуля, жыву нішто сабе: учора размяняў апошні чырвонец». Скрыган. / Пра гады. [Трахім:] І так зажыўся на гэтым свеце — хвала богу, восьмы дзесятак размяняў... Сачанка.