Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

размы́ў, ‑мову, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. размываць — размыць і размывацца — размыцца.

2. Месца, размытае вадой.

размы́цца, ‑мыецца; зак.

Разбурыцца пад дзеяннем вады, плыні; стаць размытым.

размы́ць, ‑мыю, ‑мыеш, ‑мые; зак., што.

Разбурыць плынню, вадою (бераг, грунт і пад.). Праўда, на грэблі цяжкавата будзе, дажджы размылі. Жычка. / у безас. ужыв. Днём сарвала насціл з моста, Шлях нашчэнт размыла ранкам. Глебка.

размяжо́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. размяжоўваць — размежаваць і размяжоўвацца — размежавацца.

размяжо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да размежавацца.

2. Зал. да размяжоўваць.

размяжо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да размежаваць.

размяка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да размякнуць.

размя́класць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць і стан размяклага. Размякласць грунту. □ Карацей кажучы, навалілася на мяне сёння ўсякая ўсячына, — жаласна прамовіў Ваўчок, але праз момант размякласць у яго прайшла, ён натапырыўся зноў. Хадкевіч.

размя́клы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў мяккім, размяк. Размяклая зямля наліпала на салдацкія боты, на гусеніцы танкаў і колы аўтамашын. Дудо. На тым беразе Дзвіны імчаліся грузавыя машыны па размяклым ад спякоты асфальце. Грахоўскі.

2. перан. Разм. Расслаблены, вялы. Цеплыня разбірала размяклага Сімона. Самуйлёнак.

3. перан. Разм. Які стаў дабрэйшым, больш ласкавым.

размя́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. размяк, ‑ла; зак.

1. Стаць мяккім. Пад поўдзень асфальт на вуліцы размяк і ўспацеў чорнымі кроплямі смалы. Гарбук. Хутка .. дарога размякла, ператварыўшыся ў густую кашу, і машына спынілася. Сіняўскі.

2. перан. Стаць вялым, расслабіцца (пра фізічны стан чалавека). Пасля доўгай непагадзі сонца здавалася такім цёплым, пяшчотным, што людзі размяклі і паступова паснулі. Маўр.

3. перан. Прыйсці ў стан душэўнай чуллівасці, стаць ласкавым, добрым. Паходня завагаўся: можна было прайсці праз парк, але і там, як і на гэтай вуліцы, пачне прыгадвацца на кожным кроку мінулае — расхвалюешся, размякнеш. Хадкевіч. [Алесь] размяк. Узяў .. [Майку] далонямі за галаву. — Ты ... не плач, — сказаў ён. — Не трэба. Караткевіч.