Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разміні́раванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. размініраваць.

разміні́раваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад размініраваць.

разміні́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Ачысціць (ачышчаць) ад мін. — Я размініраваў адну з вуліц Валгаграда, — кажа далей Барыс. Гарбук. [Маладых людзей] хапалі і пасылалі на работу ў Германію або проста на фронт — капаць акопы, размініраваць пад абстрэлам замініраваныя ўчасткі... Якімовіч.

размі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Дзеянне паводле дзеясл. размінаць — размяць (у 2 знач.) і размінацца — размяцца (у 2 знач.).

разміну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Ідучы адзін другому насустрач, не сустрэцца; разысціся. Каб не размінуцца з Янкам, Лабановіч рашыў зайсці на яго ранейшую кватэру. Колас. А Жэня магла б і размінуцца з калонай, не заўважыць чалавека ў цывільным. Кулакоўскі.

2. Разысціся пры сустрэчы, не дакрануўшыся адзін да другога; не зачапіўшы адзін другога. — Пане Сурвіла, — сказаў вусаты шляхціц, — падайцеся крыху набок, і мы пройдзем паўз вас, размінёмся. Чорны. Сцежачка вузкая, як толькі дваім размінуцца, бо ідзе яна праз саўгасныя пасевы. Кулакоўскі. // Прайсці міма, не прыпыняючыся адзін каля другога. Глянулі [падпольшчыца і Клумаў] адзін на аднаго, ён пазнаў яе, не гледзячы на «маскарад», кіўнулі адзін аднаму — і размінуліся. Ус.

размітынгава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; зак.

Разм. Пачаць многа мітынгаваць. Не вельмі быў спрытным Сцяпан на мітынгі, але тут нават размітынгаваўся. Пестрак.

размнажа́льнасць, ‑і, ж.

Здольнасць размнажацца.

размнажа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для размнажэння чаго‑н. (рукапісаў, чарцяжоў) у некаторай колькасці экземпляраў. Размнажальны апарат.

размнажа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да размножыцца.

2. Аднаўляць патомства (пра раслінныя і жывёльныя арганізмы). Амаль усе палявыя культуры размнажаюцца насеннем. Рыбы размнажаюцца ікрой.

3. Зал. да размнажаць.

размнажа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да размножыць.