Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

страфа́нт, ‑у, ДМ ‑нце, м.

1. Трапічныя ліяны, а таксама кусты, з насення якіх здабываюць страфанцін.

2. Настойка з насення гэтых раслін, якая выкарыстоўваецца як лекавы сродак пры некаторых захворваннях сэрца.

[Ад грэч. strophē — кружэнне, абарот і anthos — кветка.]

страфанці́н, ‑у, м.

Лякарства, якое атрымліваецца з насення некаторых раслін (страфанту, кендыру, адонісу і інш.) і выкарыстоўваецца пры сардэчнай недастатковасці.

страфі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да страфы; які падзяляецца на строфы. Страфічная будова верша.

страх, ‑у, м.

1. Пачуццё і стан вельмі моцнага спалоху; боязь. Калаціцца ад страху. Умлець ад страху. □ Грыша раптам прыгадаў бацькоў і здрыгануўся: яго апанаваў страх. Пальчэўскі. Карн ніколі не ведаў пачуцця страху, ніколі не думаў аб смерці. Шамякін. А дужасцю славіцца той, Хто можа любою парой — Хоць радасць, хоць гора ці страх — Трымаць сябе моцна ў руках! Непачаловіч. Алень, адчуўшы на сабе драпежніка, ад болю і страху памчаў, як шалёны. В. Вольскі. // Выражэнне, праяўленне трывогі, неспакою, боязі. І з кожным пытаннем голас у Васіля змяняўся: то ў ім гучэў малады задор, то чуўся страх утраты любай дзяўчыны. Колас. У .. вачах [жанчыны] быў страх. Мележ. // звычайна мн. (стра́хі, ‑аў). Разм. Тое, што страшыць, выклікае трывогу. Юстын плакаў. Ніколі ён яшчэ не бачыў столькі страху. Няхай. Аб .. [Радзівіле] старац шмат страху казаў, Ажно з жалю сціскаліся грудзі, Як ён вёскі паліў, мужыкоў забіваў, Як бязвінную кроў лілі людзі. Чарот. / у вобразным ужыв. [Бабка Ягася:] — Ціха, дзіцятка, спі, Лізанька, я страхі прэч прагнала, яны больш не вернуцца. Арабей. У страха вочы лупатыя і лыжка здаецца лапатаю. Грахоўскі.

2. у знач. вык. Разм. Страшна, жах. [Маці:] — Юрку Пакамісяваму хоць бы што, а Шуру ноччу так разварыла — проста страх. Ставер.

3. у знач. прысл. Разм. Вельмі, надзвычайна. А колькі зелені там летам! Як у вяночку, стаіць хата. Грыбоў і ягад — страх багата!.. Там выгад болей, чалавеча!.. Колас. [Дзед Нічыпар:] — Наадварот, гэта я вам дзякаваць павінен: страх не люблю адзін па дарогах ездзіць. Васілёнак. // (у спалучэнні са словам «колькі»: страх колькі). Вельмі многа, вельмі моцна. Цераз верх плота па снягу лазілі зайцы. Шмат — страх колькі — папсавалі прышчэпаў. Баранавых.

•••

Набрацца страху — нейкі час быць у стане моцнага спалоху.

Нагнаць страху на каго гл. нагнаць (у 6 знач.).

На свой страх — тое, што і на сваю рызыку (гл. рызыка).

Не вялік (і) страх — не мае значэння, няважна.

Не за страх — свядома, па сваёй волі; вельмі старанна, добрасумленна (рабіць што‑н.). Мы не за страх — за сваё рабілі. Куляшоў.

Пад страхам чаго — пад пагрозай.

Страх бярэ (браў, узяў) — а) становіцца (станавілася, стала) страшна. Не было начной рашучасці, і млявасць была ў нагах, у руках. Аж брыдка, браў страх... Мележ; б) становіцца (станавілася, стала) неспакойна, дзіўна. [Фрэйда:] — Вучыцца ён добра, і ў яго такі сталы розум, што мяне аж страх бярэ. Бядуля.

Трымаць у страху (пад страхам) каго — поўнасцю падначаліць сабе, падпарадкаваць пагрозамі каго‑н.

Увагнаць у страх каго — тое, што і нагнаць страху (гл. нагнаць у 6 знач.).

страх...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «страхавы», напрыклад: страхкаса, страхфонд.

страха́, і́, ДМ страсе́; мн. стрэ́хі (з ліч. 2, 3, 4 страхі́), стрэх; ж.

1. Верхняя, звычайна саламяная, частка будынка, якая пакрывае яго і засцерагае ад атмасферных з’яў. Сіняе неба ветліва атульвала старыя стрэхі смагінскіх будынкаў. Гартны. Над маўклівым млыном, над сціхшай вадой, над стрэхамі дзвюх лазовіцкіх хат, над дрэвамі, кустамі і лугамі абапал Быстранкі — над усім узвышалася ціхае зорнае неба. Брыль. Бусел, стораж хаціны, склаў гняздо на страсе. Дубоўка. З-за высокай разгацістай елкі выглядае страха хлява і калодзежны журавель. С. Александровіч. // Ніжні, звісаючы край гэтай часткі будынка. Праціснуўшыся, [Аня] зачыніла хлеў, хвіліну пастаяла ў ценю пад страхою. Мележ. Я зайшоў на двор крайняй хаты і стаў пад страху. В. Вольскі. // у вобразным ужыв. А лес, як добры той знаёмы. Стаіць збялелы, нерухомы Абапал рэчачкі сцяною, Над ёю сплёўшыся страхою. Колас. Часам месяц, бяздомны бадзяга, Забярэцца на стрэхі дзіравыя хмар. Танк. На шчасце наша, на шляху Сустрэлі статак хвой і пад зялёную страху Прыселі грамадой. Астрэйка.

2. Пра дом, жыллё, прытулак. [Насця:] — Што можа быць горш, калі ў дзіцяці няма страхі над галавой. Чорны. Неўзабаве, з-пад матчынай гэтай страхі, Паляціць і яна [Кацярына] на шляхі, на шляхі. Куляшоў. Прышлы хлопец прытуліў на пачатак сваю галаву пад страхою старога Апанаса. Шахавец.

страхава́льнік, ‑а, м.

Асоба або ўстанова, якая страхуе сябе або сваю маёмасць.

страхава́нне, ‑я. н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. страхаваць.

2. Від забеспячэння і пакрыцця матэрыяльных страт, прычыненых няшчаснымі выпадкамі і стыхійнымі бедствамі, якія бярэ на сябе спецыяльная арганізацыя ў адносінах да асоб або ўстаноў, што рэгулярна плацілі грашовыя ўзносы. Праводзіць страхаванне маёмасці. □ Пасажыры былі разнастайныя: крамнікі,.. агенты па страхаванню жыцця. Бядуля.

•••

Акладное страхаванне — у СССР — абавязковае дзяржаўнае страхаванне, якое распаўсюджваецца на ўсю маёмасць калгасаў, а таксама на будынкі, жывёлу і пасевы грамадзян.

Сацыяльнае страхаванне — у СССР і краінах народнай дэмакратыі — сістэма мерапрыемстваў па матэрыяльнаму забеспячэнню грамадзян у старасці, пры інваліднасці, хваробе і пад.

страхава́цца, страхуюся, страхуешся, страхуецца; незак.

1. Праводзіць страхаванне свайго жыцця, сваёй маёмасці. Страхавацца на выпадак пажару.

2. перан. Засцерагаць сябе ад чаго‑н. (непрыемнага, непажаданага). [Барыс Міхайлавіч:] — Гарантыі ў заработках няма ў здзельшчыкаў. Нарміроўшчыкі баяцца перарасходу зарплаты. Таму страхуюцца. Мыслівец.

3. Зал. да страхаваць.

страхава́ць, страхую, страхуеш, страхуе; незак., каго-што.

1. Праводзіць страхаванне (у 2 знач.), заключаць дагавор аб страхаванні. Страхаваць жыццё. Страхаваць багаж. Страхаваць маёмасць. Страхаваць будынак ад пажару.

2. Спец. Засцерагаць ад няшчасных выпадкаў пры выкананні гімнастычных практыкаванняў, цыркавых нумароў і пад. Страхаваць гімнаста.

3. перан. Засцерагаць ад чаго‑н. (непрыемнага, непажаданага). Вы не зусім правільна зрэагавалі на гэты выпадак — трэба было страхаваць сябе ад новага «ЧП» не суровымі вымовамі. Дадзіёмаў.