страх, ‑у, м.
1. Пачуццё і стан вельмі моцнага спалоху; боязь. Калаціцца ад страху. Умлець ад страху. □ Грыша раптам прыгадаў бацькоў і здрыгануўся: яго апанаваў страх. Пальчэўскі. Карн ніколі не ведаў пачуцця страху, ніколі не думаў аб смерці. Шамякін. А дужасцю славіцца той, Хто можа любою парой — Хоць радасць, хоць гора ці страх — Трымаць сябе моцна ў руках! Непачаловіч. Алень, адчуўшы на сабе драпежніка, ад болю і страху памчаў, як шалёны. В. Вольскі. // Выражэнне, праяўленне трывогі, неспакою, боязі. І з кожным пытаннем голас у Васіля змяняўся: то ў ім гучэў малады задор, то чуўся страх утраты любай дзяўчыны. Колас. У .. вачах [жанчыны] быў страх. Мележ. // звычайна мн. (стра́хі, ‑аў). Разм. Тое, што страшыць, выклікае трывогу. Юстын плакаў. Ніколі ён яшчэ не бачыў столькі страху. Няхай. Аб .. [Радзівіле] старац шмат страху казаў, Ажно з жалю сціскаліся грудзі, Як ён вёскі паліў, мужыкоў забіваў, Як бязвінную кроў лілі людзі. Чарот. / у вобразным ужыв. [Бабка Ягася:] — Ціха, дзіцятка, спі, Лізанька, я страхі прэч прагнала, яны больш не вернуцца. Арабей. У страха вочы лупатыя і лыжка здаецца лапатаю. Грахоўскі.
2. у знач. вык. Разм. Страшна, жах. [Маці:] — Юрку Пакамісяваму хоць бы што, а Шуру ноччу так разварыла — проста страх. Ставер.
3. у знач. прысл. Разм. Вельмі, надзвычайна. А колькі зелені там летам! Як у вяночку, стаіць хата. Грыбоў і ягад — страх багата!.. Там выгад болей, чалавеча!.. Колас. [Дзед Нічыпар:] — Наадварот, гэта я вам дзякаваць павінен: страх не люблю адзін па дарогах ездзіць. Васілёнак. // (у спалучэнні са словам «колькі»: страх колькі). Вельмі многа, вельмі моцна. Цераз верх плота па снягу лазілі зайцы. Шмат — страх колькі — папсавалі прышчэпаў. Баранавых.
•••
Набрацца страху — нейкі час быць у стане моцнага спалоху.
Нагнаць страху на каго гл. нагнаць (у 6 знач.).
На свой страх — тое, што і на сваю рызыку (гл. рызыка).
Не вялік (і) страх — не мае значэння, няважна.
Не за страх — свядома, па сваёй волі; вельмі старанна, добрасумленна (рабіць што‑н.). Мы не за страх — за сваё рабілі. Куляшоў.
Пад страхам чаго — пад пагрозай.
Страх бярэ (браў, узяў) — а) становіцца (станавілася, стала) страшна. Не было начной рашучасці, і млявасць была ў нагах, у руках. Аж брыдка, браў страх... Мележ; б) становіцца (станавілася, стала) неспакойна, дзіўна. [Фрэйда:] — Вучыцца ён добра, і ў яго такі сталы розум, што мяне аж страх бярэ. Бядуля.
Трымаць у страху (пад страхам) каго — поўнасцю падначаліць сабе, падпарадкаваць пагрозамі каго‑н.
Увагнаць у страх каго — тое, што і нагнаць страху (гл. нагнаць у 6 знач.).