разба́лавацца, ‑луюся, ‑луешся, ‑луецца; зак.
Разм. Стаць балаўніком; раздурэць.
разба́лаваць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак., каго-што.
Празмерна распесціць, зрабіць капрызным, непаслухмяным. Разбалаваць дзяцей.
разбалбата́цца, ‑бачуся, ‑бочашся, ‑бочацца; зак.
Пачаўшы балбатаць, захапіцца балбатнёй. І пакуль яму цырульнік Шчочку выгладзіць пяшчотна, Разбалбочацца аб гульнях, Як закончан матч суботні... Лужанін. І вось дзесь блізка, перш нясмела Зайграў глушэц і абарваўся Ды зноў зачаў, разбалбатаўся. Колас.
разбалбата́ць, ‑бачу, ‑бочаш, ‑боча; зак., што і без дап.
Разм. Расказаць каму‑н. тое, пра што не варта, нельга было расказваць. Браць з сабой цяпер увесь пакунак [Косціку] ніяк не выпадала. Хлопцы пачнуць роспыты, разбалбочуць усё першаму сустрэчнаму. Паслядовіч.
разбале́цца, ‑ліцца; зак.
Разм. Пачаць моцна балець (пра органы, часткі цела). Ад напружаных думак, ад бяссонніцы ў .. [маёра] разбалелася галава. Шамякін. Ад таго, што.. [Віця] пабыў у цяпле, параненае плячо разбалелася яшчэ мацней. Корзун. Зайшлося сэрца несціханым болем, І раны разбалеліся ізноў, Што мацеркі дамоў ужо ніколі Сваіх не дачакаюцца сыноў. Грахоўскі.
разбалтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.
Спец. Зняць балты.
разбалява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.
Пачаўшы баляваць, захапіцца баляваннем, гулянкамі. Жаніцца ён наогул не хацеў, і яшчэ больш не хацеў пасля смерці павялічваць багацце Загорскіх... Таму пан Канстанцін і разбаляваўся так. Караткевіч.
разбамбі́ць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., што.
Разбіць, разбурыць бамбардзіроўкай. Раніцай фашысцкія самалёты наляцелі на горад, разбамбілі станцыю, падпалілі дамы. Хомчанка. — Дзе ж мы будзем жыць? Наш дом разбамбілі ў першы ж налёт. Мікуліч.
разбаранава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад разбаранаваць.
разбаранава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.
Апрацаваць, разрыхліць бараною (поле).