непаспе́шлівы, ‑ая, ‑ае.
Такі, якому не ўласціва паспешлівасць; павольны. Непаспешлівы чалавек. // Пазбаўлены паспешлівасці, спакойны. Непаспешлівая манера апавядання. □ Ніна пачула яшчэ ў сенцах яго [Сяргея] спакойныя непаспешлівыя крокі. Мележ.
непаспява́ючы, ‑ая, ‑ае.
Які мае дрэнную паспяховасць, адстае ў занятках. Непаспяваючы вучань. // у знач. наз. непаспява́ючы, ‑ага, м. Вучань, які мае дрэнныя адзнакі, адстае ў занятках. Работа з непаспяваючымі.
непаспяхо́васць, ‑і, ж.
Дрэнная паспяховасць у вучэбных занятках.
непаспяхо́вы, ‑ая, ‑ае.
Які не прыносіць поспеху. Непаспяховыя пошукі.
непасрэ́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць непасрэднага; натуральнасць. Непасрэднасць пачуццяў. □ Гады, што аддзяляюць нас ад падзей мінулага, аслабляюць непасрэднасць эмацыянальных адносін да іх. Перкін. // Непасрэдны характар, непасрэдныя паводзіны. Юнацкая непасрэднасць. □ [Голас], здавалася, вось-вось.. сарвецца. Але колькі ў ім было непасрэднасці, шчырасці, замілавання! Асіпенка.
непасрэ́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае прамежкавых звенняў; прамы. Непасрэдная сувязь. Непасрэднае кіраўніцтва. Непасрэдны начальнік. □ Непасрэднага ўплыву французская мова на беларускую не мела. Юргелевіч. [Гарлахвацкі:] Я хачу, каб вы працавалі пад маім непасрэдным наглядам. Крапіва.
2. Які робіць усё без сумнення, кіруючыся толькі ўнутранымі схільнасцямі; просты, шчыры. Была Жана непасрэдная, вясёлая, быццам пранізаная сонечным святлом. Даніленка. Шурка вельмі непасрэдны і шчыры чалавек. Васілевіч. // Які праяўляецца свабодна, натуральна. Слова за слова — і размова набыла шчыры, непасрэдны характар. Асіпенка.
непастая́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Няўстойлівы, зменлівы. Непастаяннае надвор’е. □ У Адама Ягоравіча было цяжкае дзяцінства. Бацька.. не меў надзелу, і сям’і даводзілася жыць з няпэўных і непастаянных заробкаў, на ўсім купленым. М. Стральцоў. Ды як паверыш ветру-ветрагону: Такі непастаянны — проста страх! То лісце разганяе па адхонах, То звоніць цэлы дзень у правадах. Свірка.
2. Які часта мяняе свае погляды, звычкі, адносіны да каго‑, чаго‑н. Непастаянны чалавек.
непастая́нства, ‑а, н.
Уласцівасць непастаяннага.
непатапля́льнасць, ‑і, ж.
Спец. Здольнасць судна заставацца на вадзе і захоўваць мараходныя якасці пасля затаплення аднаго або некалькіх яго адсекаў.
непатрабава́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць непатрабавальнага; адсутнасць патрабавальнасці.