Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

неазнача́льны, ‑ая, ‑ае.

У выразах: неазначальная форма дзеяслова гл. форма; неазначальныя займеннікі гл. займеннік.

неакаланіза́тар, ‑а, м.

Той, хто праводзіць палітыку неакаланіялізму.

неакаланіялі́зм, ‑у, м.

Сістэма нераўнапраўных эканамічных і палітычных адносін, якія навязваюцца імперыялістычнымі дзяржавамі азіяцкім, афрыканскім і лацінаамерыканскім суверэнным краінам, якія развіваюцца. Асноўнае вастрыё нацыянальнавызваленчых рэвалюцый накіравана супраць імперыялізму і неакаланіялізму. «Звязда».

неакантыя́нец, ‑нца, м.

Прадстаўнік, паслядоўнік неакантыянства.

неакантыя́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да неакантыянства.

неакантыя́нства, ‑а, н.

Ідэалістычная філасофская плынь канца 19 і пачатку 20 стст., якая спрабуе асэнсаваць праблемы філасофіі на падставе абноўленай інтэрпрэтацыі І. Канта. Неакантыянства паклала пачатак рэакцыйнай тэорыі «мастацтва для мастацтва» з шматлікімі і рознабаковымі праявамі яе ў гісторыі і тэорыі навукі аб літаратуры, мастацтвазнаўстве і творчай практыцы працаўнікоў мастацтва. «Беларусь».

[Ад грэч. neos — новы і кантыянства.]

неакласіцы́зм, ‑у, м.

Розныя па сацыяльнай накіраванасці плыні ў мастацтве другой паловы 19–20 стст., якім уласцівы зварот да традыцый антычнасці, эпохі Адраджэння і класіцызму.

неакрэ́плы, ‑ая, ‑ае.

Які не паспеў акрэпнуць; слабы. Пад гімнасцёркай вызначаліся вострыя, неакрэплыя яшчэ плечы. Мележ. Здаецца, аж скрыпіць і просіцца дрэва, калі ў яго ўядаецца.. лязо сякеры, уядаецца ў жоўта-белае і цвёрдае, як высушаны сыр, зусім неакрэплае цела маладой сасны. Пташнікаў.

неакрэ́сленасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць неакрэсленага. Рамэо-Платонаў пераадольваў неакрэсленасць, расплывістасць многіх сваіх папярэднікаў у гэтай ролі. «Полымя». Атмасферы чагосьці важнага, што мае вось-вось адбыцца, вельмі добра адпавядаюць семантычная неакрэсленасць, трывожнасць мовы. Бярозкін.

2. Неакрэсленае становішча. У гэтай неакрэсленасці была і нейкая свая прываблівасць: цікава ж ведаць, чым яно ўсё скончыцца. Колас.

неакрэ́слены, ‑ая, ‑ае.

1. Дакладна нявызначаны, няпэўны. Далёкая і адказная камандзіроўка за тысячы кіламетраў зноў адрывала.. [Карніцкага] ад сям’і на неакрэслены час. Паслядовіч. Асабовая форма 1‑ай асобы множнага ліку абазначае дзеянне вялікай групы, неакрэсленай множнасці, у якую можа ўваходзіць і той, хто гаворыць. Граматыка.

2. Невыразны, няясны. Для [Кузьмы Чорнага] паняцце Радзіма не была чымсьці абстрактным, неакрэсленым, адасобленым ад чалавека. Кудраўцаў. // Які нічога не выяўляе, не выказвае. Неакрэслены жэст.