Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

га́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да гаркнуць.

га́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злосна гаўкнуць (пра сабаку).

2. што і без дап. Разм. Моцна і адрывіста крыкнуць. Гаркнуў дзед на ўсё горла: — Музыку, марш вясельны! Лынькоў. // Прыкрыкнуць на каго‑н. Антось гаркнуў цераз стол на жонку, і бабская лаянка спынілася. Чарот.

гарко́м, ‑а, м.

Гарадскі камітэт партыйнай або камсамольскай арганізацыі.

гарко́та,

гл. гарката.

гарку́ха, ‑і, ДМ ‑кусе, ж.

1. Расліна сямейства казяльцовых.

2. Шапкавы ядомы грыб сямейства пласціністых.

гарлаві́к, ‑а, м.

Разм. Урач, які лечыць горла; ларынголаг.

гарлаві́на, ‑ы, ж.

1. Глыбокая звужаная адтуліна ў чым‑н. Гарлавіна паравога катла. Гарлавіна вулкана. □ Па самую гарлавіну.. [яма] была напоўнена збожжам. Сабаленка. // Вузкі праход. У асобных месцах гушчар забраўся амаль да сярэдзіны, сціснуўшы рэчку з двух бакоў у вузенькай гарлавіне. «Звязда».

2. Адзін з рукавоў у вусці ракі (пры Чорным і Азоўскім морах). Гарлавіна Дуная.

3. Выраз для шыі ў адзенні. Выразаць гарлавіну ў блузцы.

гарлавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да горла (у 1 знач.). Гарлавы храсток.

2. Нізкі, здаўлены (пра голас). І раптам стук кулака па стале разлёгся, як рэха, у бязлюднай карчме, а за ім гарлавы крык: — Так, Шчыгельчык, ці не? Кажы!.. Пестрак.

гарладзёр, ‑а, м.

Разм. груб.

1. Гарлапан, крыкун. Гарладзёр ён, вось хто, — прыйшла на дапамогу Нэлі Марфа.. — Горла драць дык кожны можа, калі ў сваёй хаце сядзіць. Савіцкі.

2. Пра тое, што моцна дзярэ горла. Не тытунь, а гарладзёр.

гарла́н, ‑а, м.

Тое, што і гарлапан.