растачы́ць 1, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.
Выточваючы, расшырыць, паглыбіць. Растачыць дэталь.
растачы́ць 2, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.
Згрызці, праесці, патачыць скрозь, у многіх месцах. Шашаль растачыў сцяну.
растачы́ць 3, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.
Прытачыўшы, зрабіць большым, шырэйшым. Растачыць каўнер кашулі. □ Чакаючы нявестку ў хату, Стары Хамёнак перасыпаў гумно, растачыў яго для тых снапоў, што прыйдуць разам з новым сем’янінам. Шкраба.
раствара́льнасць, ‑і, ж.
Здольнасць рэчыва растварацца. Растваральнасць солей.
раствара́льнік, ‑а, м.
Рэчыва, здольнае раствараць іншае рэчыва.
раствара́льны, ‑ая, ‑ае.
Які паддаецца растварэнню. Растваральныя солі.
раствара́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да растварыцца.
2. Зал. да раствараць.
раствара́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да растварыць.
раствары́цца, ‑творыцца; зак.
Утварыць у злучэнні з вадкасцю аднародную сумесь. Цукар растварыўся ў вадзе. // Спец. Утварыць раствор, змяшаўшыся з якім‑н. рэчывам. // перан. Згубіцца сярод каго‑, чаго‑н. Дарога даўно растварылася ў густым травастоі. Беразняк. Як лёгка патануць у натоўпе, растварыцца ў стракатым мільганні капелюшоў, каўняроў, .. паліто! Гамолка.
раствары́ць, ‑твару, ‑творыш, ‑творыць; зак., што.
Прымусіць растварыцца. Растварыць соль у вадзе. // перан. Прымусіць зліцца з чым‑н., зрабіць незаўважаным сярод каго, чаго‑н.; паглынуць. Перад наступленнем карнікаў быў мой загад: жанчын, дзяцей, хворых рассяліць у вёсках, растварыць у насельніцтве. Шамякін. На дварэ сцямнела, прыцемкі скралі, растварылі абрысы дамоў, прадметаў, людзей. Радкевіч.
растварэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. раствараць — растварыць і растварацца — растварыцца.
раство́р, ‑у, м.
Аднародная вадкасць, атрыманая растварэннем якога‑н. рэчыва ў вадзе або ў іншай вадкасці. Содавы раствор. □ [Тася Кабрынец] да свірка прыйшла, дзе пратручваюць сяброўкі ільнасемя. Пырскаюць на яго спецыяльным растворам, перамешваюць. Бялевіч. // Аднародная сумесь вяжучага матэрыялу, пяску і вады, якая ўжываецца ў буцаўніцтве. На рыштаваннях новых дамоў у руках муляроў мільгалі кельні са свежым растворам. Якімовіч. // Спец. Раўнамерная сумесь двух або некалькіх рэчываў. Газападобны раствор. Вадкі раствор. Цвёрды раствор.
•••
Фізіялагічны раствор — водны раствор солей, блізкі па сваіх уласцівасцях да плазмы крыві.