Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разме́р, ‑у, м.

Тое, што і памер (у 2, 3 і 4 знач.).

разме́ранасць, ‑і, ж.

Уласцівасць размеранага. Размеранасць рухаў.

разме́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад размераць.

2. Рытмічны, павольны. Размераныя крокі. □ Невысокі хударлявы чалавек размеранаю роўнаю хадою ідзе лесам. Колас.

3. Падпарадкаваны пэўным правілам, распарадку. Міця любіць тлум, беганіну вялікіх школьных зборышч, зусім не падобных на размераныя вучэбныя дні з дзяжурнымі на калідорах, строгімі позіркамі настаўнікаў, званкамі. Навуменка.

разме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Мераючы, вызначыць межы, падзяліць на часткі, згодна велічыні чаго‑н. Пад час землеўпарадкавання каморнікі не вельмі чыста размералі палеткі, пакрыўдзіўшы Лук’янаву вёску ў карысць суседняй. Лужанін. — А мы з вамі, Аляксей Васільевіч, давайце размераем ды вызначым месца пад палі. Пальчэўскі.

разме́рвацца, ‑аецца.

Зал. да размерваць.

разме́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да размераць.

размеркава́льнік, ‑а, м.

1. Асоба, якая размяркоўвае што‑н.

2. Установа, якая ведае размеркаваннем каго‑н. (раненых па шпіталях, беспрытульных дзяцей па дзіцячых дамах і пад.).

3. У перыяд існавання картачнай сістэмы — магазін, які адпускаў тавары па пэўных нормах.

4. Спец. Прыстасаванне, машына і пад. для размеркавання чаго‑н. (току, вады, газу і пад.).

размеркава́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для размеркавання чаго‑н. Размеркавальны шчыт. Размеркавальны пункт. Размеркавальная падстанцыя.

размеркава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. размеркаваць, размеркавацца.

2. Спец. Працэс размяшчэння, раздзялення гатовага прадукта ў грамадстве, які вызначаецца вытворчымі адносінамі. Пры сацыялізме прынцыпам размеркавання з’яўляецца «ад кожнага па здольнасці, кожнаму — па яго працы». «Весці».

размеркава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад размеркаваць.