Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

размача́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

Растрапаць, раздзяліць на валокны. Размачаліць канат.

размача́львацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да размачаліцца.

2. Зал. да размачальваць.

размача́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да размачаліць.

размачы́цца, ‑мочыцца; зак.

Набраўшыся вільгаці, размякнуць, разбухнуць.

размачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак., што.

Намачыўшы, зрабіць мяккім, разбухлым. Размачыць сухар. □ З лагчыны дыхнуў вецер — запахла прэлым леташнім лісцем, яго размачыў дождж, распарыў. Пташнікаў. Заліўны дождж.. размачыў поле, і футбалістам гуляць стала коўзка. Сабаленка.

•••

Размачыць лік — адкрыць лік (у спартыўнай гульні).

размашны́, ‑ая, ‑ое.

Тое, што і размашысты (у 1, 2 знач.). Жанчына ішла размашной паходкай. Чорны.

разма́шыстасць, ‑і, ж.

Уласцівасць размашыстага. Размашыстасць почырку. Размашыстасць у рухах. Размашыстасць натуры.

разма́шысты, ‑ая, ‑ае.

1. Які вызначаецца шырокімі, свабоднымі ўзмахамі рук, ног. Нічыпар Сідаравіч павярнуўся і, убачыўшы, хто зайшоў да яго, размашыстымі крокамі падаўся насустрач. Сіўцоў. Касцістая, шырокая фігура, размашыстыя рухі, рэзкая хада, грамавы голас, велізарныя боты, — усім гэтым .. [Мальвіна] зразу зварочвае на сябе ўвагу. Колас. // Буйны, разгоністы (пра почырк). Двайны лісток з вучнёўскага сшытка ў клетачку густа спісаны размашыстым почыркам Сяргея Барсука. Жычка.

2. Раскідзісты, з вялікім размахам (у 3 знач.). Размашыстыя галіны дуба. Размашыстыя рогі. □ Аж колы сакочуць, не ўгледзіш за дышл[е]м, за размашыстым вобадам. Лынькоў. // Які шырока раскінуўся на вялікую адлегласць, шырокі.

3. Які вызначаецца шырынёй, паўнатой праяўлення. Такая, брат Алесь, туга — балючая, размашыстая, што кліча ў даль. Брыль. Вацік сядзеў на трактарным крэсле, глядзеў на бягучы пас, на яго размашыстую сілу. Баранавых. // Які вызначаецца смелым характарам, шырокай натурай. Перш за ўсё Саўка Мільгун размашысты чалавек, шырокая натура і гультай. Колас.

размежава́льнік, ‑а, м.

Тое, што размяжоўвае што‑н. Размежавальнікі плавальных дарожак.

размежава́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для размежавання чаго‑н. Размежавальныя знакі.