Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

размало́ць, ‑мялю, ‑мелеш, ‑меле; зак., што.

Расцерці на муку, парашок. Размалоць зерне. Размалоць кофе.

размало́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад размалаціць.

размало́чвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да размалаціцца.

2. Зал. да размалочваць.

размало́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да размалаціць.

размалява́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад размаляваць.

2. у знач. прым. Упрыгожаны ўзорам, арнаментам, намаляваным фарбай. І вось у бліжэйшую нядзелю пачалі з’язджацца сваякі. Першы прыкаціў у размаляваным вазку дзед Юрка з бабаю Крысяю. С. Александровіч.

3. у знач. прым. Разм. неадабр. Які ярка і груба нафарбаваў сабе твар, нагрыміраваўся. [Кастусь] зірнуў на Пацалуеву, якая сядзела размаляваная, нібы прыйшла не на сход, а на пагулянку. Прокша.

размалява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

Разм.

1. Неадабр. Нафарбаваць сабе твар ярка і груба; нагрыміравацца. [Матруна:] — Калі так, дык чаго ж тады размалявалася? Хочаш яшчэ каму-небудзь спадабацца? Зуб.

2. Пачаць многа маляваць; захапіцца маляваннем.

размалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.

1. Пакрыць рознымі, звычайна яркімі, фарбамі; упрыгожыць, намаляваўшы ўзор, арнамент і пад. Размаляваць вазу. Размаляваць сувенірную талерку. □ Калоны некалі былі белыя. У вайну іх размалявалі зялёнымі і чорнымі пісягамі маскіроўкі. Савіцкі. / у перан. ужыв. Я.. загледзеўся .. на залатыя ўзоры, якімі размалявала сонца ствалы дрэў, кусты і леташні сівец. Ляўданскі. // Разм. Ярка і груба нафарбаваць; нагрыміраваць твар. // Зрабіць сатырычны, карыкатурны малюнак на якую‑н. тэму. Калі яго размалявалі ў газеце, усе мужчыны смяяліся, а Дзіма надзьмуўся, некуды схаваўся і нават абедаць не прыйшоў. Даніленка. // Разм. Нарабіць сінякоў каму‑н. [Міхаіл Пятровіч:] — Ну і размалявалі цябе... Цяпер мне зразумела, чаму жаўтуха. Цябе, хлопча, білі, дык білі, не шкадуючы... С. Александровіч. «Нябось не прызнаецца ёй, хто яго так размаляваў!» — адзначыў сам сабе: мне вельмі хацелася, каб паненка даведалася, што менавіта я аддубасіў так яе прыяцеля!» Карпюк.

2. перан. Паказаць у прыхарошаным выглядзе, перабольшыць значэнне чаго‑н. Кудрынскі мог цікава размаляваць самую [непрыглядную] рэч, яна набывала асаблівае хараство ў слухачоў. Лужанін. Слесар з суседняга ўчастка гаварыў: «Душу мне пячэ гэта паперка. Паўтары нормы даў, размалявалі, распісалі. А мне сорамна людзям у вочы глядзець». Шыцік.

размаркірава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад размаркіраваць.

размаркірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Размеціць маркёрам які‑н. участак для пасадкі або сяўбы чаго‑н.

размаро́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад размарозіць.