шалахту́н, ‑а, м.
Абл. Балбатлівы чалавек; пустазвон. Благі той сват, што, дзе трэба, спрытна пагаварыць не ўмее, але бяда, калі і залішне шалахтун. Калюга.
шалахце́нне, ‑я. н.
Разм. Дзеянне паводле дзеясл. шалахцець, а таксама гукі гэтага дзеяння. У цішыні, што панавала цяпер у пакоі, было чуваць шалахценне паперы — тоўстай скрэпкаю Бялькевіч змацоўваў шырокія сінія аркушы зводак. Савіцкі.
шалахце́ць, ‑хчу, ‑хціш, ‑хціць; незак.
Разм. Шалясцець, шапацець. Узрушана шалахцела дзедаўская груша-дзічка. Лынькоў. Пад босымі нагамі шалахціць залатое лісце, суха патрэскваюць сучкі на мяккай аўчыне імху, кропелькамі крыві стракацяць у бруснічніку кіслыя ягадкі. Брыль.
шала́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. неадабр. Бадзяцца, швэндацца. Замест таго, каб шалацца па станцыі, што было нават і небяспечна, настаўнікі прыпыніліся ў лесе на высокім узгорку над балотам, — адпачыць ды хоць трохі абмеркаваць сваё становішча. Колас. [Драч:] Проста салдат вунь колькі шалаецца па Піцеру, то няўжо кожнага на такі пачастунак? Губарэвіч.
шала́ш, ‑а, м.
Тое, што і будан. Тут Ленін быў. Тут шмат слядоў яго Ля шалаша, ля гэтых берагоў Шырокага Разліва. Танк. І доўга гамонка ішла ў шалашы. Глядзелі і слухалі бацька і сын, Як падаюць зорамі ў змрочнай цішы Буйныя антоны з прыгнутых галін. Броўка.
[Цюрк.]
шале́, нескл., н.
Невялікі сялянскі дом у гарах Швейцарыі. // Невялікая дача тыпу такога дома.
[Фр. chalet.]
ша́левы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шаля; які прызначаны для шаля. Шалевы ўзор. □ Жаба перабіраў тоўстымі пальцамі вясёлкавы шалевы пояс, які ляжаў у яго не на жываце, а пад грудзьмі. Караткевіч. // Які з’яўляецца шалем. Шалевая хустка.
•••
Шалевы каўнер — адкладны ляжачы акруглай формы каўнер, які спускаецца на грудзі і складае адно цэлае з бартамі.
шале́нец, ‑нца, м.
Шалёны чалавек, вар’ят. Толік ад нечаканасці аж сумеўся: што ён надумаў, гэты шаленец? А Юзік, выйшаўшы з варот, стаў, падняў стрэльбу і навёў яе... Куды б, вы думалі? У самы лабок Патрубейкавай хаты, у самае акенца, за якім стаіўся Толік. Вітка. // Пра вельмі безразважнага чалавека. Нас абавязвае эпоха Суняць шаленцаў лютых, Каб жыць і кроіць цёплы бохан Без атамнай атруты. Панчанка.
шале́нства, ‑а, н.
1. Вострая інфекцыйная хвароба жывёлы і чалавека, якая паражае цэнтральную нервовую сістэму і перадаецца ўкусам шалёнай жывёлы; вадабоязь. Прышчэпкі супраць шаленства.
2. Крайняя ступень раздражнення, гневу; раз’юшанасць. Праз якое паўгадзіны Мацвей Кірылавіч выбег з кабінета, як і той раз, калі яго давёў амаль да шаленства Вінцэнт Барташэвіч. Сабаленка. У прыпадку дзікай злосці і шаленства Анісім ірваў і пхаў у печ усё, што хоць чым напамінала яму жонку. Сачанка. / у вобразным ужыв. Так доўга цягнулася маладое шаленства, радаснае і пакутнае. Чорны. // перан. Вельмі бурнае, інтэнсіўнае праяўленне свайго дзеяння, сілы. Юнацтва — лета. Шаленства фарбаў, Адценне гукаў, Смуга настрояў. Свірка. Што нам пурга, шаленства дзікіх ветраў? Ёсць мэта, ёсць работа, ёсць загад! Звонак. Шаленства ракі не бясплённае: яно ператвараецца ў сілу, у электраэнергію, у святло. «Маладосць».
3. Учынак, пазбаўлены здаровай разважлівасці, выкліканы прыхамаццю, капрызам. Жадаў ім [каханым] шчасця ў падарожжы светлым Плыта ўладальнік. А яны яму, Як сябру па шаленству аднаму — Удачы ў вандраванні кругасветным. Куляшоў.
шале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Захворваць шаленствам (пра жывёлу).
2. Прыходзіць у крайняе раздражненне, гнеў; вар’явацца, лютаваць. Шалець ад злосці. □ Б’ючы, .. [Яўхім] не толькі не спатольваўся, а шалеў яшчэ больш. Мележ. Толькі дарэмна бандыты З лютае злосці шалеюць, — Не задушыць ім свабоды, Не заняволіць Карэі! Танк. // перан. Вельмі бурна, інтэнсіўна праяўляць сваё дзеянне, сілу. Шалее вецер. □ Шалелі ўдалечыні салаўі, выдумляючы самыя мудрагелістыя грэлі. Хадкевіч. Плынь вады, справа адносна запаволеная, часам аж шалее злева, пад зараснікамі вербалозаў, што густа навісаюць над вадою з крутых лугавых абрываў. Кірэенка. Каторы дзень шуміць наўкола, Шалее лютая зіма, Аж дрэвы хіляцца да долу. Каторы дзень цябе няма. Танк.
3. Рабіць учынкі, пазбаўленне разважлівасці, здаровага розуму; паводзіць сябе як шаленец. Маладыя лейтэнанты проста шалелі, выклікаючы на сцэну на дзіва прыгожую самадзейную артыстку. Навуменка. А Любка шалела, цалавалася з усімі афіцэрамі. Лынькоў.
4. перан. Вельмі хутка расці, буяць. Рэдкі і маленькі, на пяску.. [ячмень] цяпер зусім пасох і пакорчыўся. Але ў ім шалеюць баравікі — беленькія, з чорнымі галоўкамі і тоўстым карэннем. Пташнікаў.
•••
Шалець з раскошы — перабіраць, капрызіць (пра асоб, якія перанасычаны ўсім, маюць усё ў дастатку).