Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цыко́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цыкорыі. Цыкорная фабрыка. // Прыгатаваны з цыкорыі. Цыкорная кава.

цыко́рыя, ‑і, ж.

1. Адна- або шматгадовая травяністая расліна сямейства складанакветных.

2. Сушанае карэнне гэтай расліны, якое дадаюць для смаку і паху ў каву, а таксама для прыгатавання сурагату кавы. // Напітак, прыгатаваны з гэтага карэння. Раніцаю Балашоў .. піў густую горкую цыкорыю. Грахоўскі.

[Лац. cichorium.]

цыку́та, ‑ы, ДМ ‑куце, ж.

Ядавітая травяністая балотная ці вадзяная расліна сямейства парасонавых. Травы розныя: валяр’ян, цыкута, святаяннік, а за імі, зусім у вадзе — трысцё, аер. Дубоўка.

[Ад лац. cicuta.]

цылі́ндр, ‑а, м.

1. Геаметрычнае цела, якое ўтвараецца вярчэннем прамавугольніка вакол аднаго з яго бакоў. Аб’ём цыліндра.

2. У тэхніцы — дэталь або канструкцыя падобнай формы. Паступова ў цыліндрах паравоза нарастаў ціск. Новікаў.

3. Высокі, цвёрды, з палямі мужчынскі капялюш.

[Ад грэч. kýlindros.]

цылі́ндравы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цыліндра (у 2 знач.). Цыліндравыя крышкі. // Забяспечаны цыліндрам, цыліндрамі. Цыліндравая машына. Цыліндравая малатарня.

цыліндрападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае форму цыліндра, падобны на цыліндр.

цыліндры́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цыліндра, уласцівы цыліндру (у 1 знач.). Цыліндрычная форма. Цыліндрычная паверхня. □ Дзянісаў запаліў святло і чартыхнуўся, зваліўшы цыліндрычную, зробленую з металічнай і частай сеткі клетку. Караткевіч.

цымбалі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Музыкант, які іграе на цымбалах. Там, у зборышчы квяцістым, Хоць да вечара скачы... Два калгасных баяністы, цымбалісты, скрыпачы. Броўка.

цымба́лы, ‑аў; адз. няма.

Народны музычны інструмент, які ўяўляе сабой рэзанансавую трапецападобную скрынку з металічнымі струнамі, па якіх удараюць палачкамі. А музыкі ў гулкай зал[е] Ладзяць скрыпкі і цымбалы. Бядуля. Звонка і весела гучаць пад Нараччу народныя інструменты — гармонікі і скрыпкі, жалейкі і цымбалы. В. Вольскі.

[Польск. cymbały ад грэч. kymbalon — кімвал.]

цымба́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цымбалаў, належыць цымбалам. Заспявала вясёлая скрыпка, пасыпаў буйны дождж цымбальных струн... Брыль. Музыка цымбальная Чутна на сяле. Куляшоў.