Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разбагаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць багатым. Легенда казала — на гэтых землях самы найлепшы касец, самы працавіты плугар не разбагацее. Бялевіч. Міналі гады, суседнія арцелі адбудаваліся, разбагацелі. Марціновіч. // на што. Набыць, атрымаць каго‑, што‑н.; разжыцца. Па сухіх месцах пайшоў у ход кустарэз, які як брытваю, зрэзвае не толькі кусты, але і самыя сосны. Разбагацеў ужо на тэхніку генерал. Пестрак.

разбаза́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разбазарыць.

разбаза́рванне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разбазарваць — разбазарыць.

разбаза́рвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да разбазарваць.

разбаза́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разбазарыць.

разбаза́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

Разм. Легкадумна, не па-гаспадарску распрадаць, раздаць што‑н. Казалі, што .. [пан] прайграў у карты, разбазарыў сваю зямлю, і ад вялікага маёнтка застаўся ціхі, недагледжаны хутар. Адамчык.

разбазы́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Абл. Распусціцца, разленавацца. — Майго [сына] трэба было адразу ізаляваць ад такога ўплыву і асяроддзя... Косця ж, гледзячы на гэтага стылягу, сам разбазыраў. Грамовіч.

разбалабо́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Разм. Разнесці (чуткі, пагалоскі і пад.); раззваніць, разбалбатаць. Убачыць хто ў .. [Ігната Апанасавіча] ў руках два вядры трускалак, а разбалабоніць на ўвесь свет ліха ведае што. Усё падлічыць, усё ўзважыць языкастая Будрычыха! Паслядовіч.

разба́лаванасць, ‑і, ж.

Уласцівасць разбалаванага.

разба́лаваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разбалаваць.

2. у знач. прым. Распешчаны, капрызны, непаслухмяны.