Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

неадчужа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які не падлягае адчужэнню. Неадчужальныя даходы.

неадчэ́пнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць неадчэпнага.

неадчэ́пны, ‑ая, ‑ае.

Які не дае спакою, неадступны; назойлівы. Дзед Талаш стаяў з боку ад гэтага вясёлага шуму.. Яго старая галава думала свае думкі, неспакойныя, неадчэпныя. Колас. [Уладзік] ішоў сабе, насвістваючы нейкі неадчэпны матыўчык. Крапіва. Тонка і цягуча гудуць неадчэпныя камары. Мележ.

неадшліфава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Не апрацаваны шліфоўкай. Неадшліфаванае шкельца.

2. перан. Недапрацаваны, недасканалы (пра стыль, твор і пад.). Хоць у Багушэвіча і сустракаюцца часамі нягладкія, неадшліфаваныя вершы, .. усё ж па паэтычнаму майстэрству ніхто з беларускіх паэтаў XIX ст. не можа зраўняцца з Багушэвічам. Івашын.

неадэква́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць неадэкватнага.

неадэква́тны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які зусім не супадае з чым‑н. Неадэкватныя паняцці.

неажыццяві́масць, ‑і, ж.

Немагчымасць ажыццяўлення чаго‑н. Неажыццявімасць праблем.

неажыццяві́мы, ‑ая, ‑ае.

Такі, які цяжка, немагчыма ажыццявіць; нездзяйсняльны, нязбытны. Неажыццявімы план. Неажыццявімая прапанова.

неазнача́льны, ‑ая, ‑ае.

У выразах: неазначальная форма дзеяслова гл. форма; неазначальныя займеннікі гл. займеннік.

неакаланіза́тар, ‑а, м.

Той, хто праводзіць палітыку неакаланіялізму.