Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

знервава́ць, ‑рвую, ‑рвуеш, ‑рвуе; зак., каго.

Давесці да хваравіта-зласлівага, нервознага стану. Усё гэта так .. знервавала [Сідора], так стузала, што ён увачавідкі адзначаў, як рабілася яму цяжка і невыносна. Гартны.

знерухо́мець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць нерухомым. Аляксей баязліва схамянуўся, нацягнуў коўдру на галаву, падкурчыў ногі і адразу знерухомеў, заціх. Машара.

зне́сены 1, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад знесці ​1. Знесеныя да воза снапы.

зне́сены 2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад знесці ​2. Учора знесенае яйцо.

знеслаўле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. знеслаўляць — зняславіць.

знеслаўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да зняславіцца.

2. Зал. да знеслаўляць.

знеслаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да зняславіць.

зне́сці 1, знясу, знясеш, знясе; пр. знёс, знесла і знясла, знесла і знясло; зак., каго-што.

1. Прынесці з розных месц у адно, сабраць у адно месца (усё, многае). Знесці каменне з поля ў кучу. □ Хлопцы сёння ўсе свае пакункі Знеслі да варожае чыгункі. Астрэйка. Чые рукі з мазалямі Тут зняслі свае дары? Колас. Не паспелі за дзень мы асіліць Копы знесці, Злажыць у стагі. Непачаловіч.

2. Несучы, спусціць, даставіць уніз. Шустрыя, маладыя хлопцы-шафёры хутка знеслі мяхі ў млын, падалі накладныя. Асіпенка.

3. Сарваўшы, збіўшы з якога‑н. месца, перамясціць або знішчыць (пра ваду, вецер і пад.). Самой пераправы ўжо няма, яе знесла вясной паводка. Толькі з берага засталіся ў вадзе тоўстыя сасновыя палі. Сяркоў. / у безас. ужыв. Мост знясло вадой. □ Лодку нашу заліло вадой амаль да краёў, можна было не баяцца, што яе знясе. Кірэенка.

4. Разбурыўшы, разабраўшы, зняць з якой‑н. паверхні (звычайна пра пабудову). Знесці хутары. □ [Янка] загадаў свайму памочніку знесці мост. Якімовіч.

5. Перапісаць уніз. Знесці лічбу.

6. Пайшоўшы, узяць з сабой што‑н.; забраць, украсці. Ворчык знік. І агонь пад сасной Гасне, намі забыты. Не знаходжу ватоўкі сваёй — Знёс Мікіта. Куляшоў. Урэшце рэшт няхай сабе Апанас і ўцёк з дзетдома, няхай сабе знёс вопратку. Але ж напісаць пісьмо, выслаць грошы — на гэта не кожны здольны. Нядзведскі.

7. перан. Сцярпець, перанесці. Дзед Талаш моўчкі знёс гэту абразу і крыўду. Колас. Міхал — шляхціц, хоць і заняпалы; яму не знесці сораму. Гарэцкі.

•••

Знесці галаву — тое, што і зняць галаву (гл. зняць).

зне́сці 2, знясе; пр. знесла і знясла.

Зак. да несці ​2.

зне́сціся 1, знясецца; пр. знеслася і зняслася.

Зак. да несціся ​2.

зне́сціся 2, знясуся, знясешся, знясецца; пр. знёсся, знеслася і зняслася, знеслася і зняслося; зак.

Разм. Устанавіць цесныя сувязі, зносіны з кім‑н.; звязацца. Знесціся з паўстанцамі.

зне́шнасць, ‑і, ж.

Вонкавы, знешні выгляд. Яшчэ і яшчэ раз апісалі знешнасць Іваноўскага: невысокі, з казлінай бародкай. Новікаў.

зне́шне, прысл.

Вонкава, па знешняму выгляду. Знешне .. [фон Адлер] нагадваў арла: высокі, з гарбатым носам, чорнымі драпежнымі вачамі, дужы і рухавы. Шамякін. Знешне хата падобна да хаты: І вуглы ў ёй і вокны. Непачаловіч.