гале́та, ‑ы, ДМ ‑леце, ж.
1. Плоскі сушаны праснак (ужываецца замест хлеба ў час падарожжаў, ваенных паходаў і пад.).
2. Род пячэння.
[Фр. galette.]
гале́тнік, ‑а, м.
Разм. пагард. Бедны чалавек; жабрак. [Рыгор:] Не буду ж я галетнікам цэлы век? [Кацярына:] Хто гэта ведае, што некалі будзе. А цяпер — сёння свята вось, а ты босы сядзіш, абуцца няма ў што. Крапіва.
гале́тніцкі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да галетніка, уласцівы яму. Галетніцкае жыццё.
гале́ц, ‑льца, м.
1. Невялічкая прэснаводная рыба сямейства ўюновых з тонкай скурай без лускі.
2. Рыба сямейства ласасёвых, якая водзіцца ў паўночных морах.
гале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Паступова агаляцца, станавіцца голым (пра лес, поле і пад.). Журба.. ішла не толькі ад таго, што поле галела, што ў ім адчуваўся нядобры, пагібельны подых недалёкай восені. Мележ. // перан. Бяднець.
2. Быць у аголеным стане, выглядаць пустым, голым (пра лес, поле і пад.). Галелі рудыя папары. Гартны. // перан. Жыць бедна. Галеюць дзеці век без хлеба, Падзёрты жончын чаравік. Не маю грош[ай] на патрэбу, — Бо я мужык, дурны мужык. Купала.
гале́ча, ‑ы, ж.
Адсутнасць сродкаў для жыцця; крайняя беднасць. Голад, галеча, непасільная праца на кулацкім полі ад цямна да цямна — хіба не аб гэтым пісалі паэты-класікі? Бярозкін. Над краем колішняй бядота і галечы Жыццё, як сонца, не спыняе рух. Звонак.
га́лечнік, ‑у, м.
Горная парода, якая складаецца з рачной або марской галькі. Дно возера цвёрдае, укладзенае пераважна пяском, гравіем і галечнікам. «Беларусь».
га́лечны, ‑ая, ‑ае.
Які складаецца з галькі, пакрыты галькай. Галечны пласт. Галечны бераг.
галёканне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. галёкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Восеньскімі раніцамі хвойнік напаўняўся вясёлым гоманам і галёканнем дзяцей. Шамякін.
галёкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Гучна крычаць, звычайна пераклікаючыся ў лесе; гойкаць. Чаму ён, Суконка, павінен хавацца ад тых, з кім некалі разам бегаў у гэты лес, свістаў і галёкаў на ўсё горла? Паслядовіч. Галёкалі, крычалі на ваўка Начлежнікі. Танк. // Шумна размаўляць, галасіста спяваць і пад. Госці галёкалі ў паўтара дзесяткі горлаў так, што ў Сімона зазвінела ў вушах. Самуйлёнак. Не зважаючы на стомленасць, дзяўчаты і хлопцы галёкалі на ўсё балота песні. Сабаленка.