Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гадзю́ка, ‑і, ДМ ‑дзюцы; Р мн. ‑дзюк; ж.

1. Ядавітая змяя шэрага колеру з чорнай зігзагападобнай паласой уздоўж спіны. А гэтым часам пры сасонцы Гадзюка грэецца на сонцы, — Блішчыць на ёй узор лускі. Крапіва. Вялікая светла-шэрая гадзюка з выразным чорным узорам на спіне гналася па сцежцы за травяной жабай. В. Вольскі.

2. Разм. лаянк. Пра небяспечнага шкоднага чалавека. Людзі маўчалі: такі час, можа знайсціся гадзюка якая, і тады памінай, як чалавека звалі. Шчарбатаў.

•••

Гадзюка падкалодная — тое, што і змяя падкалодная (гл. змяя).

Прыгрэць гадзюку на (сваіх) грудзях гл. прыгрэць.

гадзю́чы, ‑ая, ‑ае.

Які належыць гадзюцы, уласцівы ёй. Гадзючая скура. Гадзючы нораў.

гадзяня́ і гадзянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Малая гадзюка. // Разм. Ужываецца як слова лаянкі ў дачыненні да дзіцяці, маладога чалавека. «От, гадзяня, няма на цябе кала!» — думаў [Глушак] пра Дзятліка. Мележ.

га́дка,

1. Прысл. да гадкі.

2. безас. у знач. вык., каму. Блага, агідна, прыкра. Гадка з’есці і шкада кінуць. Прымаўка.

га́дкі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Вельмі непрыемны (з выгляду, на смак і пад.); прыкры, брыдкі. Гадкае стварэнне. Гадкі сон. Гадкае надвор’е.

2. Агідны, подлы, варты пагарды, ганьбавання. Гадкі чалавек. Гадкі ўчынак. □ — Я, Цімох, не буду апраўдвацца: я ўзяўся за гадкую, паскудную справу. Мяне нанялі войт і яго сябры, каб я стаў фальшывым партызанам і даносіў ім на вас. Колас.

гадлі́васць, ‑і, ж.

Пачуццё агіды, грэблівасці. Ганарлівыя, самазадаволеныя гітлераўцы выклікалі ў .. [Гудовіча] агіду, гадлівасць, неадступнае жаданне знішчаць іх, як смярдзючых смертаносных казявак. Пятніцкі.

гадлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які не можа цярпець, не пераносіць гадкага; брыдлівы, грэблівы. Гадлівы чалавек. // Поўны агіды, грэблівасці. [Гунава] з гадлівай грымасай пацёр руку аб палу фрэнча. Пляма не сыходзіла. Самуйлёнак.

гадо́к, ‑дка, м.

Памянш.-ласк. да год (у 1 знач.).

гадо́ўля, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. гадаваць.

гадуне́ц, ‑нца; м.

Разм. Тое, што і гадаванец. На заработкі [Сымоніха] рэдка ходзіць: часу няма, трэба гадунца даглядаць. Бядуля.