ва, прыназ. з РВМ.
Ужыв. замест прыназ. «у» перад словамі, што пачынаюцца з «у» і ў спалучэнні «ва мне», напр.: ва ўніверсітэце, ва ўзросце, ва ўсіх.
ва́ба, -ы, ж.
Прывабліванне (птушак, звяроў) падробленым голасам (гукам).
ва́бік, -а, мн. -і, -аў, м.
Дудачка, свісток і інш. прылады паляўнічых, пры дапамозе якіх у час палявання падзываюць птушак або звяроў, падрабляючы іх голас.
ва́біць, -блю, -біш, -біць; незак., каго.
1. Захапляючы, зачароўваючы сваім выглядам, прыцягваць да сябе.
Поўдзень вабіць сваёй прыродай.
2. Падзываць птушак, звяроў, падрабляючы іх голас.
В. свістам птушак.
|| зак. пава́біць, -блю, -біш, -біць.
ва́бны, -ая, -ае.
Які вабіць, зачароўвае сваім выглядам; прывабны.
|| наз. ва́бнасць, -і, ж.
вавёрка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж.
Звярок роду млекакормячых атрада грызуноў з пушыстым хвастом, а таксама футра гэтага звярка.
|| прым. вавёркавы, -ая, -ае.
Вавёркавае футра.
вавіло́нскі гл. стоўпатварэнне.
ва́га, -і, ДМ ва́зе, мн. -і, -аў, ж.
Тоўстая жэрдка або бервяно для падважвання цяжкіх прадметаў.
вага́, -і́, ДМ вазе́, мн. ва́гі і (з ліч. 2, 3, 4) вагі́, ва́гаў, ж.
1. толькі адз. Цяжар каго-, чаго-н., які вызначаецца ўзважваннем.
Вызначыць вагу тавару.
Вагой у дваццаць кілаграмаў.
Меры вагі.
Барэц цяжкай вагі.
2. толькі адз., перан. Уплыў, аўтарытэт, значэнне.
Мець вагу ў калектыве.
3. Прылада для ўзважвання чаго-н.
Аўтаматычныя вагі.
◊
На вагу золата — вельмі дорага.
|| прым. вагавы́, -а́я, -о́е (да 1 і 3 знач.).
Вагавыя катэгорыі барцоў.
В. збор.