Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прадмова ∙ Скарачэнні

бараві́на, -ы, мн. -ы, -ві́н, ж.

Узвышаны ўчастак лесу ў бары.

Грыбныя баравіны.

|| памянш. бараві́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж.

бараві́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж.

1. гл. баравіна.

2. Сорт летняй яблыні, а таксама светла-жоўтыя кісла-салодкія плады гэтага дрэва.

У садзе спеюць баравінкі.

баравы́ гл. бор¹.

барада́, -ы́, ДМ -дзе́, мн. баро́ды і (з ліч. 2, 3, 4) барады́, -ро́д, ж.

1. Пярэдняя частка ніжняй сківіцы.

Ударыўся барадой аб стол.

2. Валасяное покрыва ніжняй часткі твару.

Адпусціць бараду.

3. перан. Пра чалавека з такім валасяным покрывам (разм.).

Давайце выберам старшынёй бараду.

4. У некаторых жывёл: пучок валасоў, пер’я або мясістыя адросткі пад пярэдняй часткай галавы.

Казліная б.

5. Касмыль недапрадзенай кудзелі, воўны.

Б. кудзелі.

6. Невялікі кусцік жыта, каля якога спраўляюць дажынкі.

◊

Дзіравая барада (разм., жарт.) — пра таго, хто есць і абліваецца стравай.

|| памянш. баро́дка, -і, ДМ -дцы, мн. -і, -дак, ж. (да 1—5 знач.).

барада́ты, -ая, -ае.

1. Які аброс барадой (у 2 знач.).

Б. дзед.

2. Даўні, здаўна вядомы (разм.).

Б. анекдот.

Барадатая показка.

барада́ч, -а́, мн. -ы́, -о́ў, м. (разм.).

Чалавек з барадой (у 2 знач.).

У дзвярах паказаўся незнаёмы б.

баражы́раваць, -рую, -руеш, -руе; -руй; незак. (спец.).

Патруляваць у паветры, ахоўваючы аб’екты ад авіяцыі праціўніка (пра самалёты).

|| наз. баражы́раванне, -я, н.

баразна́, -ы́, мн. баро́зны і (з ліч. 2, 3, 4) баразны́, баразён, ж.

1. Канаўка на паверхні глебы, зробленая плугам ці іншымі сельскагаспадарчымі прыладамі.

Роўныя барозны.

2. перан. Пачынанне ў якой-н. галіне.

Пракласці баразну.

|| памянш. баразёнка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж. (да 1 знач.).

баразні́ць, -разню́, -ро́зніш, -ро́зніць; незак., што.

1. Рабіць барозны чым-н.

Плугам б. зямлю.

2. Пакідаць пасля сябе сляды, падобныя на барозны.

Б. затоку.

3. перан. Утвараць складкі, маршчыны.

Маршчыны баразнілі лоб.

|| зак. збаразні́ць, -разню́, -ро́зніш, -ро́зніць; -ро́знены і -разнёны.

бара́к, -а, мн. -і, -аў, м.

Лёгкае драўлянае збудаванне для часовага жылля.

Жыць у бараках.

|| прым. бара́чны, -ая, -ае.