Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

бамбардзіро́ўшчык, -а, мн. -і, -аў, м.

1. Бамбардзіровачны самалёт.

2. Лётчык бамбардзіровачнай авіяцыі.

бамбасхо́вішча, -а, мн. -ы, -ішч і -аў, н.

Спецыяльнае ўкрыцце, якое забяспечвае ахову людзей ад авіябомбаў.

бамбі́ць, -блю́, -бі́ш, -бі́ць; -бім, -біце́, -бя́ць; незак., каго-што.

1. Атакаваць з паветра, скідваючы бомбы.

2. перан. Безупынна турбаваць каго-н. просьбамі, лістамі і пад. (разм.).

|| наз. бамбёжка, -і, ДМ -жцы, ж. (да 1 знач.; разм.).

Трапіць пад бамбёжку.

бамбу́к, -у, м.

Трапічная і субтрапічная расліна з высокім дрывяністым вузлаватым сцяблом, пустым усярэдзіне.

|| прым. бамбу́кавы, -ая, -ае.

Бамбукавыя зараснікі.

бана́льнасць, -і, мн. -і, -ей, ж.

1. гл. банальны.

2. Збітая, агульнавядомая думка, выраз.

Гаварыць банальнасці.

бана́льны, -ая, -ае.

Шаблонны, які страціў арыгінальнасць у сувязі з частым ужываннем.

Банальныя параўнанні.

|| наз. бана́льнасць, -і, ж.

бана́н, -а, мн. -ы, -аў, м.

Пальмападобная трапічная расліна, а таксама яе мучністы салодкі плод.

Збор бананаў.

|| прым. бана́навы, -ая, -ае.

Бананавыя плантацыі.

ба́нда, -ы, ДМ -дзе, мн. -ы, банд і -аў, ж.

Група разбойнікаў, злачынцаў; шайка.

Узброеная б.

Б. рабаўнікоў.

банда́ж, -а́, мн. -ы́, -о́ў, м. (спец.).

1. Спецыяльны пругкі пояс для падтрымання асобных частак цела ў патрэбным становішчы.

2. Металічны вобад, які надзяваецца на часткі машын, на колы вагонаў, каб забяспечыць іх устойлівасць і засцерагчы ад зносу.

|| прым. банда́жны, -ая, -ае.

банда́рны, -ая, -ае.

Які адносіцца да вырабу драўлянага посуду (бочак, дзежак, цэбраў і пад.).

Бандарная майстэрня.