Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

хай.

1. часц. Выражае заклік, пажаданне (разм.).

Хай жыве дружба!

2. часц. Выказвае дапушчэнне.

Хай едзе, калі хоча.

Хай так!

3. злуч. Ужыв. ў даданых сказах з уступальным значэннем.

Хай я памыліўся, але памылку гэту я выправіў.

хай-тэ́к, нескл., м.

1. Самыя новыя навукова-тэхнічныя распрацоўкі.

2. Кірунак у архітэктуры і дызайне, які эстэтычна засвойвае інавацыйныя распрацоўкі перадавых галін навукі і тэхнікі.

хака́сы, -аў, адз. хака́с, -а, м.

Цюркскі народ, які жыве ў Рэспубліцы Хакасіі, што ўваходзіць у склад Расійскай Федэрацыі.

|| ж. хака́ска, -і, ДМа́сцы, мн. -і, -сак.

|| прым. хака́скі, -ая, -ае.

Хакаская мова.

хакеі́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

Спартсмен, які гуляе ў хакей.

|| ж. хакеі́стка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так.

|| прым. хакеі́сцкі, -ая, -ае.

хаке́й, -е́я, м.

Спартыўная камандная гульня з клюшкамі і шайбай на лёдзе або з мячом на траве.

Х. з мячом.

|| прым. хаке́йны, -ая, -ае.

ха́кі.

1. прым., нязм. Шаравата-зялёны.

Гімнасцёрка колеру х.

2. нескл., н. Тканіна або адзенне такога колеру.

Апранацца ў х.

халада... (гл. холада...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужыв. замест «холада...», калі націск у другой частцы слова падае на першы склад, напр.: халадабойня, халадатранспарт, халадатэхніка.

халадабо́йня, -і, мн. -і, -яў, ж.

Невялікая бойня з халадзільнікамі для захоўвання мяса забітай жывёлы.

халада́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; незак.

1. безас. Пра наступленне халадоў, паніжэнне тэмпературы паветра.

У кастрычніку стала х.

2. Тое, што і халадзець (у 2 знач.; разм.).

3. Пакутаваць ад холаду; мерзнуць (разм.).

У вайну і халадалі і галадалі.

|| зак. пахалада́ць, -а́е (да 1 знач.).

халадзе́ц, -дцу́, м.

Страва з загуслага пры ахаладжэнні мяснога або рыбнага адвару з дробнымі кавалачкамі мяса або рыбы.

|| прым. халадцо́вы, -ая, -ае.