фу́нкцыя, -і, мн. -і, -цый, ж.
1. З’ява, якая залежыць ад іншай і змяняецца па меры змянення іншай з’явы.
2. У матэматыцы: закон, паводле якога кожнаму элементу аднаго мноства ставіцца ў адпаведнасць некаторы элемент іншага мноства.
Лінейная ф.
Трыганаметрычная ф.
3. Работа, спецыфічная дзейнасць, што выконваецца органам, арганізмам і пад.
Ф. залоз.
4. Роля, значэнне, назначэнне чаго-н.
Функцыі крэдыту.
5. Абавязак, кола дзейнасці.
Службовыя функцыі.
Функцыі прафкама.
|| прым. функцыяна́льны, -ая, -ае.
функцыянава́ць, -ну́ю, -ну́еш, -ну́е; -ну́й; незак.
Дзейнічаць, быць у рабоце, працаваць.
Ужо месяц функцыянуе бальніца.
|| наз. функцыянава́нне, -я, н.
функцыяна́льны, -ая, -ае.
1. гл. функцыя.
2. Выкліканы функцыянаваннем чаго-н., залежны ад дзейнасці, а не ад структуры чаго-н.
Ф. падзел працы.
Функцыянальнае парушэнне сардэчнай дзейнасці.
фунт¹, -а, М -нце, мн. -ы, -аў, м.
1. Руская мера вагі, роўная 409,5 г.
2. Англійская мера вагі, роўная 453,6 г.
◊
Па чым фунт ліха (ведаць, зазнаць, паказаць і пад.; разм.) — зазнаць, як цяжка ў горы, у нястачы.
|| ласк. фу́нцік, -а, мн. -і, -аў, м.
|| прым. фунто́вы, -ая, -ае.
фунт², -а, М -нце, мн. -ы, -аў, м.
Грашовая адзінка ў Вялікабрытаніі і некаторых іншых краінах.
Англійскі ф.
фу́ра, -ы, мн. -ы, фур, ж.
Вялікія, звычайна крытыя, калёсы, машына і пад. для перавозкі грузаў.
фура́ж, -у́, м.
Раслінны корм для свойскай жывёлы і птушак.
|| прым. фура́жны, -ая, -ае.
Фуражныя культуры.
фура́жка, -і, ДМ -жцы, мн. -і, -жак, ж.
Галаўны ўбор з аколышам і казырком; форменная шапка.
|| прым. фура́жачны, -ая, -ае.
Фуражачная майстэрня.
фуражы́р, -а, мн. -ы, -аў, м.
1. Работнік па нарыхтоўцы, захаванні і выдачы фуражу.
2. Той, хто адпраўлены на фуражыроўку (гіст.).
|| прым. фуражы́рскі, -ая, -ае.
фуражыро́ўка, -і, ДМ -ро́ўцы, ж. (гіст.).
Нарыхтоўка фуражу для войск у ваенны час.