Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прадмова Скарачэнні

фанабэ́рыцца, -руся, -рышся, -рыцца; незак. (разм.).

Трымацца з фанабэрыяй; важнічаць, задавацца.

фанабэ́рыя, -і, ж. (разм.).

Зазнайства, пыхлівасць, ганарыстасць.

фанагра́ма, -ы, мн. -ы, -ра́м, ж.

Дыск, плёнка, магнітная стужка і пад. з гукавым запісам.

|| прым. фанагра́мны, -ая, -ае.

фанаграфі́чны гл. фанограф.

фанало́гія, -і, ж.

1. Раздзел мовазнаўства: вучэнне аб фанемах.

Падручнік па фаналогіі.

2. Сістэма фанем мовы.

Беларуская ф.

|| прым. фаналагі́чны, -ая, -ае.

фана́т, -а, мн. -ы, -аў, м.

Страсны прыхільнік каго-, чаго-н. (артыста, музычнай групы і пад.).

|| ж. фана́тка, -і, мн. -і, -так.

фанаты́зм, -у, м.

Склад думак і паводзіны фанатыка.

|| прым. фанаты́чны, -ая, -ае.

фана́тык, -а, мн. -і, -аў, м.

1. Чалавек, які слепа адданы толькі сваёй рэлігіі, веры.

2. перан. Чалавек, цалкам адданы якой-н. справе, ідэям і перакананням.

Ф. эстрады.

|| ж. фанаты́чка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак.

фанаты́чны, -ая, -ае.

1. гл. фанатызм.

2. Прасякнуты фанатызмам, уласцівы фанатыку.

Фанатычная адданасць справе.

|| наз. фанаты́чнасць, -і, ж.

Ф. перакананняў.

фанатэ́ка, -і, мн. -і, -тэ́к, ж.

Сістэматызаваны збор фанаграм.