Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прадмова Скарачэнні

тока...

Першая састаўная частка складаных слоў са знач.: які мае адносіны да току¹ (у 1 знач.), напр.: токаабмежавальны, токаадвод, токаздымальнік, токаздымальны, токаразмеркавальнік.

токапрыёмнік, -а, мн. -і, -аў, м. (спец.).

1. Прылада, пры дапамозе якой ток ад проваду або рэйкі перадаецца рухавіку электравоза, тралейбуса, пад’ёмнага крана і пад.

Т. электравоза.

2. Назва розных прыбораў, у якіх адбываецца ператварэнне электрычнай энергіі.

то́кар, -а, мн. -ы, -аў, м.

Рабочы-спецыяліст па механічнай апрацоўцы цвёрдых матэрыялаў шляхам абточвання.

Т. па метале.

тол, -у, м.

Выбуховае рэчыва, якое выкарыстоўваецца ў ваеннай справе і тэхніцы.

|| прым. то́лавы, -ая, -ае.

Толавая шашка.

толк, -у, м.

1. Сэнс, сутнасць, разумнае меркаванне аб чым-н.

Дайсці да толку.

2. Карысць, добры вынік.

З гэтага будзе т.

Без толку — без карысці, упустую, дарма.

Да толку — дарэчы, да месца.

З толкам — з розумам, разумна.

то́лкам, прысл. (разм.).

1. Так, каб было зразумела.

Т. растлумачыць, у чым справа.

2. Добра, як належыць.

толь, -ю, М -і, м.

Насычаны воданепранікальным складам тоўсты кардон, які выкарыстоўваецца як дахавы і ізаляцыйны матэрыял.

|| прым. то́левы, -ая, -ае.

то́лькі.

1. часц. вылучальна-абмежавальная. Не больш як, усяго.

Заплаціў т. тры рублі.

Дзяўчынцы т. два тыдні.

2. часц. абмежавальная. Не раней чым.

Я прыеду т. заўтра.

3. часц. абмежавальная. Выключна, адзіна; нічога, акрамя гэтага.

Ён будзе т. настаўнікам.

На ўроку мы т. чыталі.

4. часц. ўзмацн. (пры займенніку і прыслоўі звычайна ў адмоўных сказах). Узмацняе ўяўленне аб вялікай колькасці, аб’ёме і пад. чаго-н.

Чаго ён т. не расказваў.

Чаго т. не прыдумаюць людзі.

5. прысл. Зусім нядаўна (аб завяршэнні якога-н. дзеяння, наступленні якога-н. стану і пад.).

Дзеці т. павячэралі і спаць яшчэ не клаліся.

Я т. што прыехаў.

6. злуч. супраціўны. Злучае члены сказа і сказы з супраціўна-абмежавальнымі адносінамі.

Ноч была ціхая, т. сумна шумеў лес.

7. злуч. супраціўны. Злучае сказы з адносінамі неадпаведнасці.

Ён доўга гаварыў, т. я не паверыў яму.

8. злуч. далучальны. Ужыв. для сувязі членаў сказа і сказаў, якія ўдакладняюць або дапаўняюць выказаную думку.

Ён ніколі не расказваў пра сваё жыццё, хіба т. дзецям.

9. злуч. часавы. Ужыв. ў даданых сказах часу, калі падзеі, аб якіх гаворыцца ў галоўным сказе, пачынаюцца адразу ж пасля падзей даданага сказа.

Т. мы заснулі, і тут жа раздаўся стук у акно.

10. злуч. умоўны. Падпарадкоўвае даданыя сказы са знач. рэальнай умовы.

Школу ты закончыш паспяхова, т. старайся.

Толькі і — выражае ўзмоцненае адценне абмежавання.

Усе толькі і гавораць пра каханне.

том, -а, мн. тамы́, -о́ў, м.

Асобная кніжка якога-н. выдання збору твораў.

Слоўнік у чатырох тамах.

|| памянш. то́мік, -а, мн. -і, -аў, м. Т. вершаў Максіма Багдановіча.

тон, -у, мн. -ы, -аў, м.

1. Гук пэўнай вышыні, які ўтвараецца перыядычнымі ваганнямі паветра; музычны гук у адрозненне ад шуму.

Узяць высокі т.

2. мн. Гукі сэрца, якое працуе, а таксама гукі, якія ўтвараюцца пры выстукванні ўнутраных органаў цела чалавека.

Чыстыя тоны сэрца.

3. Вышыня або сіла гучання голасу чалавека, які гаворыць.

Знізіць т.

4. Характар гучання маўлення, манера гаварэння.

Жартаўлівы т.

Рэзкі т.

5. Характар, стыль паводзін, жыцця.

Правілы добрага тону.

6. Колер, афарбоўка, а таксама адценне колеру, якое адрозніваецца ступенню яркасці.

Тканіна, афарбаваная ў спакойны т.

Цёплы т.

Светлы т.

У тон (пад тон)

1) пра гармонію колераў, адценняў колеру;

2) у тым жа духу, стылі;

3) з тым жа настроем, з той жа інтанацыяй (гаварыць і пад.).