Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

схітры́ць гл. хітрыць.

схлусі́ць гл. хлусіць.

схлы́нуць, 1 і 2 ас. не ўжыв., -не; зак.

1. Хлынуўшы, сцячы.

Вада схлынула.

2. перан. Пра вялікую масу людзей: адначасова пайсці аднекуль.

Натоўп схлынуў праз 30 хвілін.

3. перан. Скончыцца, мінуцца.

Толькі назаўтра схлынула навала тэлефонных званкоў.

схмурне́лы, -ая, -ае.

1. Пануры, хмурны.

С. твар дзяўчыны.

2. Пра надвор’е, неба і пад.: пахмурны.

Схмурнелае неба.

|| наз. схмурне́ласць, -і, ж.

схмурне́ць гл. хмурнець.

схо́ва, -ы, мн. -ы, -аў, ж. (разм.).

Тое, што і схоў.

схо́ванка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж.

1. Месца, дзе можна знайсці прытулак, схавацца ад каго-, чаго-н.

С. ад дажджу.

У гушчары добрая с. ад спёкі.

2. Таемнае месца; збудаванне для ўкрыцця каго-, чаго-н.

Трымаць золата ў схованцы.

Патайная с. для грошай.

схо́вішча, -а, мн. -ы, -ішч і -аў, н.

1. Памяшканне для захоўвання, зберагання чаго-н.

С. бібліятэкі.

2. Месца, дзе можна схавацца, захінуцца ад каго-, чаго-н.

С. ад дажджу і ветру.

3. Спецыяльна абсталяванае памяшканне, збудаванне для ўкрыцця ад снарадаў, бомб, атрутных рэчываў.

4. Схованка (у 2 знач.).

схо́вы гл. схоў.

сход, -а і -у, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.

1. -у, гл. сысці.

2. -а. Месца спуску (разм.).

Вельмі стромы с.

Пашукаць сход з гары.

3. -а. Пасяджэнне членаў якой-н. арганізацыі для абмеркавання чаго-н. агульнага.

Рашэнне агульнага схода працоўнага калектыву.

4. -а. У складзе назваў некаторых выбарных устаноў, арганізацый.

Устаноўчы с.

Пастанова Заканадаўчага схода.