Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прадмова Скарачэнні

пераса́джваць гл. перасадзіць.

перасадзі́ць, -саджу́, -са́дзіш, -са́дзіць; -са́джаны; зак.

1. каго (што). Прымусіць перасесці, пасадзіць на іншае месца, прапанаваць абмяняцца месцамі.

П. вучня на першую парту. П. пасажыраў з аднаго аўтобуса ў другі.

2. што. Выкапаўшы (расліну), пасадзіць у іншым месцы.

П. кветкі.

3. што. Зрэзаўшы, або выразаўшы (частку косці, тканкі, орган), перанесці для прыжыўлення на іншым месцы або ў другім арганізме.

П. нырку.

4. што. Насадзіць, надзець на што-н. другое.

П. сякеру на другое тапарышча.

5. каго (што). Памагчы каму-н. пералезці цераз што-н.

П. дзіця цераз парог.

6. каго-што. Пасадзіць усё, многае або ўсіх, многіх.

За свой век ён многа дрэў перасадзіў.

Акупанты перасадзілі ў турмы нямала людзей.

|| незак. пераса́джваць, -аю, -аеш, -ае (да 1—5 знач.).

|| наз. пераса́джванне, -я, н. (да 2 і 3 знач.) і пераса́дка, -і, ДМ -дцы, ж. (да 1—4 знач.).

Зрабіць перасадку пасажыраў на другі самалёт.

Перасадка дрэў.

Перасадка скуры.

|| прым. пераса́дачны, -ая, -ае (да 2 знач.).

П. матэрыял.

пераса́дка, -і, ДМ -дцы, ж.

1. гл. перасадзіць.

2. мн. -і, -дак. Пераход для прадаўжэння язды з аднаго транспартнага сродку на другі.

Ехаць з дзвюма перасадкамі.

|| прым. пераса́дачны, -ая, -ае (да 2 знач.).

перасаладзі́ць, -ладжу́, -ло́дзіш, -ло́дзіць; -ло́джаны; зак., што.

Зрабіць вельмі салодкім.

П. чай.

|| незак. перасало́джваць, -аю, -аеш, -ае.

перасалі́ць, -салю́, -со́ліш, -со́ліць; -со́лены; зак.

1. што. Пакласці вельмі многа солі ў што-н.

П. суп.

2. перан. Перайсці мяжу, меру дазволенага ў чым-н. (разм.).

П. у жартах.

|| незак. перасо́льваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. перасо́льванне, -я, н. (да 1 знач.) і перасо́л, -у, м. (да 1 знач.).

Недасол на стале, а перасол на спіне (прымаўка).

перасартава́ць, -ту́ю, -ту́еш, -ту́е; -ту́й; -тава́ны; зак., што.

1. Рассартаваць нанава, іначай.

П. яблыкі.

2. Рассартаваць усё, многае.

П. усё насенне.

|| незак. перасарто́ўваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. перасарто́ўванне, -я, н.

перасвары́цца, -вару́ся, -ва́рышся, -ва́рыцца; зак.

Пасварыцца паміж сабою або з усімі, многімі.

Суседзі перасварыліся.

перасвары́ць, -вару́, -ва́рыш, -ва́рыць; -ва́раны; зак., каго (што).

Пасварыць многіх, каго-н. з кім-н.

П. даўніх сяброў.

перасе́дзець, -джу, -дзіш, -дзіць і перасядзе́ць, -джу́, -дзі́ш, -дзі́ць; -сядзі́м, -седзяце́, -сядзя́ць; зак.

1. Прасядзець дзе-н. больш, чым трэба.

Пераседзеў на тыдзень даўжэй у камандзіроўцы.

2. Сапсавацца ад доўгага сядзення (пра хлеб у печы).

Хлеб пераседзеў і адпёкся.

3. каго (што). Прасядзець даўжэй за каго-н.

Перасядзеў усіх у бібліятэцы.

4. што. Прабыць дзе-н. некаторы час.

П. дождж у хаце.

5. Адседзець да здранцвення.

П. нагу.

|| незак. перасе́джваць, -аю, -аеш, -ае.

перасе́кчы гл. перасячы.