Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прадмова Скарачэнні

ло́жа¹, -ы, мн. -ы, лож, ж.

1. Месца ў глядзельнай зале, аддзеленае перагародкай для невялікай колькасці асоб, а таксама наогул месца (у зале пасяджэнняў, на стадыёне), прызначанае для прадстаўнікоў СМІ, гасцей і інш.

Тэатральная л.

2. Аддзяленне масонскай арганізацыі, а таксама месца яе тайных сходаў.

Масонская л.

ло́жа², -а, мн. -ы, -аў, н.

1. Месца для спання, пасцель (уст.).

2. Паглыбленне ў грунце, па якім цячэ водны паток.

Л. ракі.

Пракрустава ложа (кніжн.) — мерка, пад якую сілком падганяюць што-н.

ло́жа³, -ы, мн. -ы, лож, ж.

Драўляная частка ружжа, да якой прымацаваны ствол.

Л. ружжа.

ло́жак, -жка, мн. -жкі, -жкаў, м.

Мэбля для спальні — доўгая рама з ножкамі і дзвюма спінкамі, на якую кладуцца матрац і пасцельныя рэчы.

|| прым. ло́жкавы, -ая, -ае.

ло́зунг, -а, мн. -і, -аў, м.

1. Заклік, зварот, які выражае кіруючую ідэю, палітычнае патрабаванне.

Баявы л.

2. Плакат з такім заклікам.

Дэманстранты неслі лозунгі.

3. Вядучы, галоўны прынцып чаго-н.

|| прым. ло́зунгавы, -ая, -ае.

лой, ло́ю, м.

Нутраны тлушч (авечы, ялавічны).

Мазаць бліны лоем.

|| прым. ло́евы, -ая, -ае.

ло́кан, -а, мн. -ы, -аў, м.

Кучаравая ці завітая пасма валасоў.

ло́каць, ло́кця, мн. ло́кці, ло́кцяў, м.

1. Месца згібу рукі, дзе злучаецца плечавая косць з касцямі перадплечча.

Узяць за л.

Блізка л., ды не ўкусіш (прыказка).

2. Старадаўняя мера даўжыні, роўная прыблізна 0,5 м.

Кусаць (сабе) локці — шкадаваць аб чым-н. упушчаным, непапраўным.

Пачуццё локця — пачуццё сяброўства і ўзаемнай падтрымкі.

|| прым. ло́кцевы, -ая, -ае (да 1 знач.) і лакцявы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).

ло́кшына, -ы, ж.

Выраб з пшанічнай мукі ў выглядзе тонкіх высушаных палосак цеста, а таксама страва, прыгатаваная з такога вырабу.

|| прым. ло́кшынавы, -ая, -ае.

лом¹, -а, мн. ламы́, -о́ў, м.

Металічны завостраны стрыжань, якім разбіваюць, ломяць што-н. цвёрдае.

Калоць лёд ломам.

|| памянш. ло́мік, -а, мн. -і, -аў, м.