Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прадмова Скарачэнні

карэспандэ́нт, -а, М -нце, мн. -ы, -аў, м.

1. Той, хто знаходзіцца ў перапісцы з кім-н.

2. Аўтар карэспандэнцый у газеце, часопісе, на радыё, тэлебачанні.

Уласны к.

Спецыяльны к.

Пазаштатны к.

Ваенны к.

|| ж. карэспандэ́нтка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так.

|| прым. карэспандэ́нцкі, -ая, -ае.

карэспандэ́нцыя, -і, мн. -і, -цый, ж.

1. Паштовая перапіска паміж асобамі або ўстановамі.

Весці карэспандэнцыю.

2. зб. Пісьмы, паштова-тэлеграфныя адпраўленні.

Дастаўка карэспандэнцыі.

Заказная к.

3. Паведамленне пра падзеі, дасланае адкуль-н. у газету, часопіс.

Паслаць карэспандэнцыю ў «Вячэрні Мінск».

карэ́та, -ы, ДМэ́це, мн. -ы, -рэ́т, ж.

Закрыты з усіх бакоў чатырохколы конны экіпаж на рысорах.

Карэта хуткай дапамогі — спецыяльная аўтамашына, якая высылаецца для неадкладнай медыцынскай дапамогі.

(Прыйшоўся) як вол да карэты (разм.) — пра таго, хто аказаўся ў недарэчных абставінах.

|| памянш. карэ́тка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.

|| прым. карэ́тны, -ая, -ае.

карэ́тка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.

1. гл. карэта.

2. Рухомая частка некаторых машын, механізмаў, апаратаў (спец.).

К. вязальнай машыны.

|| прым. карэ́тачны, -ая, -ае.

карэ́ц, -рца́, мн. -рцы́, -рцо́ў, м.

Драўляны або металічны коўш (у 1 знач.) з ручкай для зачэрпвання вады, квасу і пад.; конаўка.

|| прым. карцо́вы, -ая, -ае.

карэ́ць, -рэ́ю, -рэ́еш, -рэ́е; незак.

Рабіцца карэлым, каравым (ад гразі).

карэя́нка гл. карэйцы.

ка́са, -ы, мн. -ы, кас, ж.

1. Аддзяленне ў банку і іншых установах, дзе праводзяцца грашовыя аперацыі; памяшканне, дзе знаходзіцца гэта аддзяленне.

Разлічыцца ў касе.

Білетная к.

Магазінная к.

2. Наяўныя грошы ўстановы, прадпрыемства.

Здаць касу.

3. Апарат, на якім адціскаюцца квіткі з указаннем атрыманай сумы, а таксама кабінка, месца, дзе знаходзіцца гэты апарат і работнік, які яго абслугоўвае.

Выбіць у касе булку хлеба.

4. У друкарскай справе: скрынка з наборам друкарскага шрыфту (уст.).

Наборная к.

|| прым. ка́савы, -ая, -ае.

каса́¹, -ы́, мн. ко́сы і (з ліч. 2, 3, 4) касы́, кос, ж.

Доўгія заплеценыя разам валасы.

Улажыць касу вакол галавы.

Расплесці касу.

каса́², -ы́, мн. ко́сы і (з ліч. 2, 3, 4) касы́, кос, ж.

Ручная сельскагаспадарчая прылада, якая складаецца з доўгага загнутага ляза, насаджанага на касільна, і служыць для скошвання травы, збожжа і пад.

Кляпаць касу.

Найшла каса на камень — сутыкнуліся розныя непрымірымыя погляды, інтарэсы, характары.

Хоць касою касі — вельмі многа.

|| памянш. ко́ска, -і, ДМ -сцы, мн. -і, -сак, ж.