зда́цца¹, зда́мся, здасіся, зда́сца; здадзімся, здасце́ся, здаду́цца; зда́ўся, здала́ся, -ло́ся; зда́йся; зак.
1. Спыніўшы супраціўленне, прызнаць сябе пераможаным.
З. ў палон.
2. Аслабець, страціць сілы.
Апошні год ён зусім здаўся.
3. Даверыцца каму-, чаму-н., паспадзявацца на каго-, што-н.
Я на вас здаўся, а вы тут вось што робіце.
|| незак. здава́цца, здаю́ся, здае́шся, здае́цца; здаёмся, здаяце́ся, здаю́цца; здава́йся.
|| наз. зда́ча, -ы, ж. (да 1 знач.).
зда́цца², зда́мся, здасіся, зда́сца; здадзімся, здасце́ся, здаду́цца; зда́ўся, здала́ся, -ло́ся; зда́йся; зак.
1. Паказацца ў якім-н. выглядзе.
Ён нам здаўся не такім, як быў.
2. безас., каму. Узнікнуць у думках, адчуваннях, уявіцца.
Ці хто стукнуў у дзверы, ці мне здалося?
|| незак. здава́цца, здаю́ся, здае́шся, здае́цца; здаёмся, здаяце́ся, здаю́цца.
зда́цца³, буд. не ўжыв.; зда́ўся, здала́ся, -ло́ся; зак., каму (разм.).
Спатрэбіцца.
Нашто я там каму здаўся?
здаць, здам, здасі́ здасць; здадзім, здасце́, здаду́ць; здаў, здала́, -ло́; здай; зда́дзены; зак.
1. каго-што. Перадаць каму-н. (пра наяўнае, выкананае, даручанае).
З. рэчы ў багаж.
З. дакументы ў архіў.
З. дзяжурства.
З. хлеб дзяржаве.
З. манаграфію ў друк.
З. затрыманага ў міліцыю.
2. што. Аддаць у наём.
З. пакой кватарантам.
З. зямлю ў арэнду.
3. што. Уступіць, аддаць непрыяцелю (у выніку няўдачнага бою ці без бою).
З. горад.
З. пазіцыі (таксама перан.).
4. што. Аслабіць, зменшыць, не справіўшыся.
З. тэмп работы.
5. што. Раздаць у гульні (карты).
6. што. Вытрымаць іспыты на веды, уменне.
З. залік.
З. нормы па бегу.
7. Стаць слабейшым, цішэйшым, горшым (разм.).
Пад вясну мароз здаў.
Сэрца здало.
Машына здала.
|| незак. здава́ць, здаю́, здае́ш, здае́; здаём, здаяце́, здаю́ць; здава́й.
|| наз. зда́ча, -ы, ж. (да 1—3, 5 і 6 знач.).
зда́ча¹, -ы, ж.
1. гл. здаць.
2. Лішак грошай, які вяртаецца пры разліку; рэшта.
Атрымаць здачу.
З. з пяці тысяч рублёў.
◊
Даць здачы каму (разм.) — адказаць ударам на ўдар.
здво́іць, -о́ю, -о́іш, -о́іць; -о́ены; зак., што.
1. Зрабіць што-н. двайным.
З. нітку.
2. Занава размясціць у страі ў дзве шарэнгі.
З. рады.
|| незак. здво́йваць, -аю, -аеш, -ае; наз. здво́йванне, -я, н.
|| наз. здвае́нне, -я, н.
здвуру́шнічаць гл. двурушнічаць.
здзе́йсніцца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -ніцца; зак.
Ажыццявіцца, збыцца.
Мая мара здзейснілася.
|| незак. здзяйсня́цца, -я́ецца.
|| наз. здзяйсне́нне, -я, н.